Брытанскія праваабаронцы: У Беларусі працягваюць парушаць правы чалавека
Беларуская дзяржава працягвае парушаць правы чалавека. Пра
гэта ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі нагадвае сайт брытанскага
аддзялення няўрадавай арганізацыі "Міжнародная амністыя", перадае БелаПАН.
Правы чалавека ў Беларусі рэгулярна парушаюцца дзяржавай.
Свабода слова і права на мірны пратэст не захоўваюцца. Праваабаронцы зведваюць
пераслед, заявіў дырэктар брытанскага аддзялення "Міжнароднай
амністыі" Кейт Ален. Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая
па-ранейшаму практыкуе смяротную кару, нагадвае Ален. Праваабаронцы называюць
краіну "апошнім катам Еўропы".
Беларускія суды, на думку брытанскіх праваабаронцаў, захоўваюць рэпрэсіўныя
рысы савецкай сістэмы крымінальнага правасуддзя, а суддзі звычайна не
выкарыстоўваюць свае паўнамоцтвы для справядлівага вырашэння пытанняў аб
законнасці арыштаў.
Апрача таго, дзяржава, на думку праваабаронцаў, працягвае кантраляваць
большасць сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.
Аўтары нагадваюць пра заклік "Міжнароднай амністыі" да хуткага,
справядлівага і эфектыўнага расследавання нядаўняй гібелі заснавальніка
беларускага сайта навін "Хартыя'97" Алега Бябеніна.