16 сьнежня пройдзе міжнародная акцыя «Свабодная Беларусь»
Маладыя эўрапейскія фэдэралісты (арганізацыя JEF-Europe) абвясьцілі аб правядзеньні чарговай, шостай па ліку міжнароднай акцыі «Свабодная Беларусь». Летась у падобным мерапрыемстве адначасова ўзялі ўдзел актывісты з найменей як 125 гарадоў ва ўсім сьвеце.Як паведамляецца на сайце арганізацыі,
сёлетняя імпрэза адбудзецца за тры дні да прэзыдэнцкіх выбараў
у Беларусі, якія ўжо цяпер «шмат хто называе недэмакратычнымі
і несвабоднымі». Паводле традыцыі, удзельнікі вулічных акцыяў у розных
гарадах сьвету ўначы прыйдуць да вядомых гарадзкіх статуяў, каб завязаць
кожнай рот стужкай з надпісам «Дайце голас людзям у Беларусі —
Свабодная Беларусь!»
Адзначаецца, што такім чынам маладыя
эўрапейскія фэдэралісты зьбіраюцца заклікаюць Эўропу і ўвесь сьвет
перастаць нарэшце заплюшчваць вочы на дыктатуру, якая квітнее
па суседзтву з краінамі Эўразьвязу. Як і ў мінулыя гады, сябры JEF
ды іншыя абаронцы правоў чалавека па ўсім сьвеце ўначы 16-га сьнежня
завяжуць рот статуям у сваіх гарадох, на адну ноч прыпадабняючы
іх да жыхароў краіны, дзе цяжка гаварыць праўду, супрацьстаяць
дэспатычнаму рэжыму, выбраць кіраўніка, альтэрнатыўнага аўтарытарнаму.
Як заявіў прэзыдэнт JEF Філіп Адрыэнсэнс,
«калі людзі ў 125 гарадох ва ўсім сьвеце адначасова робяць адно й тое ж
на знак пратэсту супраць рэжыму ў Беларусі, гэта немагчыма ігнараваць.
Таму Эўразьвяз павінен заняць пэўную пазыцыю ў дачыненьні да парушэньня
правоў чалавека, грамадзянскіх свабодаў, непразрыстасьці так званай
дэмакратызацыі і патрабаваць сур’ёзнага паляпшэньня сытуацыі. Вось
гэтага мы імкнемся дасягнуць, калі патрабуем даць голас дэмакратыі
ў Беларусі».