viasna on patreon

Праект закона аб некамерцыйных арганізацыях ня ўлічвае пазіцыю грамадскіх аб’яднанняў

2010 2010-12-16T10:29:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Праект Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”, які распрацоўваецца Міністэрствам юстыцыі і Цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў, ня ўлічвае пазіцыю беларускіх грамадскіх аб’яднанняў.

 З такой заявай выступіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў (НДА).

Грамадскі сектар насцярожвае тое, што тэкст законапраекта, хоць і знаходзіцца на фінальнай стадыі распрацоўкі, дагэтуль ня быў прадстаўлены на абмеркаванне грамадскасці, гаворыцца ў заяве.  Асамблея НДА яшчэ ўвесну бягучага года звяртала ўвагу адказных распрацоўшчыкаў законапраекта на неабходнасць прыцягнення зацікаўленых бакоў да працэсу распрацоўкі канцэпцыі законапраекта з далейшым дыялогам па пытаннях ягонага зместу. Але Мінюст зацягнуў тэрміны з прыцягненнем грамадскасці ў сферы нарматыўнага рэгулявання дзейнасці НКА. Адсюль вынікае, што спробы абмеркавання наяўнай рэдакцыі законапраекта, якія ініцыюе Міністэрства юстыцыі ў дадзены момант, з-за іх відавочнай запозненасці выглядаюць імітацыяй дыялогу.

“Працэс распрацоўкі  Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”  Мінюстам падобны да арганізацыі  грамадскіх слуханняў у Астраўцы адносна  будаўніцтва атамнай станцыі. Тады фармальна быццам бы адбыліся грамадскія слуханні. А фактычна тыя арганізацыі, якія хацелі паўдзельнічаць і валодалі інфармацыяй, былі адштурхнутыя. Падобнае спрабуюць зрабіць ў выпадку з распрацоўкай Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”. Запросяць, напрыклад, некалькі фармальна грамадскіх аб’яднанняў, пасля чаго заявяць, што абмеркаванне было арганізавана. Аднак мы ня хочам, каб у чарговы раз адбылася паказуха”, — заявіў старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч. 

Паколькі тэрмін прадстаўлення праекта Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” падыходзіць  да завяршэння, а працэдура далучэння грамадскасці да выпрацоўкі гэтага прынцыпова важнага заканадаўчага акта не была здзейснена належным чынам, то Асамблея НДА заклікае адказныя дзяржаўныя органы адкласці перадачу законапраекта ў Палату прадстаўнікоў да правядзення шырокага грамадскага абмеркавання. Апроч гэтага, Асамблея НДА звяртаецца да беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, фондаў і устаноў да 23 снежня накіроўваць у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь усе магчымыя прапановы, датычныя заканадаўчага рэгулявання некамерцыйных арганізацый з патрабаваннем улічыць іх пры падрыхтоўцы тэкста праекта “Аб некамерцыйных арганізацыях”, які будзе перададзены Ўраду Рэспублікі Беларусь. 

Трэба адзначыць, што ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў да канца бягучага года Рада Міністраў мусіць распрацаваць праект Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”, які будзе ўнесены ў Парламэнт у сакавіку 2011 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства