Давераная асоба Рымашэўскага змешчаны ў следчы ізалятар
Затрыманы 18 снежня ў Гомелі Юрый Клімовіч, каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, змешчаны ў следчы ізалятар.
Там ён будзе знаходзіцца як мінімум да суда, які прызначаны на 20 снежня. Пра гэта паведамляецца на сайце кандыдата ў прэзідэнты са спасылкай на прадстаўнікоў Гомельскай арганізацыі Беларускага Хельсінкскага камітэта.
Нагадаем, 18 снежня на Клімовіча ў Цэнтральным РАУС Гомеля быў складзены пратакол за нецэнзурную лаянку. Па тэлефоне з аддзела міліцыі ён паведаміў БелаПАН, што прыкладна ў 20.00 ішоў з царквы і вырашыў зайсці ў магазін на вуліцы Кожара. «Пасля выхаду з магазіна мяне акружылі супрацоўнікі міліцыі, заштурхалі ў аўтамабіль і даставілі ў аддзел. Тут ужо растлумачылі, што я затрыманы нібыта за нецэнзурную лаянку — ішоў па вуліцы, лаяўся і размахваў рукамі», — сказаў Клімовіч.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у міліцыі Юрый Клімовіч правёў тры гадзіны.