viasna on patreon

“Чарнобыльскі шлях" адсылаюць на плошчу Бангалор

2003 2003-04-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт не дазволіў арганізатарам "Чарнобыльскага шляху" праводзіць акцыю ў заяўленым фармаце. Гарадзкія ўлады вуснамі намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Пятрушына зноў адпраўляюць дэмакратаў на пляцоўку для выгулу сабак у парку Дружбы Народаў ля сумна вядомай плошчы Бангалёр на гарадзкім ускрайку. Калі ж людзі прыйдуць на плошчу Якуба Коласа, дзе меркаваўся збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка, і правядуць несанкцыянаванае мерапрыемства, то заяўнікі, паводле словаў аднаго з высокіх міліцэйскіх чыноўнікаў Вараб'ёва, будуць адказваць "па ўсёй строгасьці дзейнага заканадаўства".
Генадзь Кесьнер – Радыё Рацыя)
16 красавіка ўвечары заяўнікаў "Чарнобыльскага шляху" запрасілі ў Менгарвыканкам, каб паведаміць ім вынікі разгляду пададзенай просьбы на правядзеньне жалобных мерапрыемстваў 26 красавіка, на 17-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У заяўцы быў пададзены фармат меркаванай акцыі - з 16.00 да 16.30 збор удзельнікаў на плошчы Якуба Коласа, потым шэсьце па адной паласе праезнай часткі праспэкта Францішка Скарыны да Опэрнага тэатру, дзе на пляцы Парыскай камуны маюць адбыцца набажэнства й жалобны мітынг. Арганізатары акцыі спадзяваліся, што хаця б гэтым разам улады пойдуць насустрач і дазволяць правесьці акцыю ў заяўленым фармаце й па заяўленым маршруце. Аднак, улады засталіся вернымі самі сабе. Паводле словаў аднаго з заяўнікаў "Чарнобыльскага шляху" Ўладзімера Лабковіча, намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Пятрушын зноўку накіраваў людзей на плошчу Бангалёр, як гэта ўжо было ў мінулым годзе.
У.Л.: - Пятрушын, дырэчы, паводзіў сябе вельмі эпатажна, распавядаў, які ў нас прыгожы горад, казаў, што ня трэба зьбірацца на плошчы Якуба Коласа, таму што "мы паклалі там зусім нядаўна новую плітку й там будуць прыгожыя фантаны, там людзі адпачываюць, таму там зьбірацца ня трэба". Маўляў, мы разумеем жалобнасьць гэтага дня, але на Якуба Коласа зьбірацца ня трэба.
На думку Ўладзімера Лабковіча, такія паводзіны ўладаў ёсьць імкненьнем замаўчаць наступствы катастрофы на ЧАЭС у сёньняшніх умовах, калі дзяржава амаль забылася на гэтую праблему.
У.Л.: - Зразумела, што яны не жадаюць зноў акцэнтаваць увагу на тых праблемах, на якіх будзе засяроджаны гэты "Чарнобыльскі шлях", тое, што яны зьбіраюцца схаваць тыя сацыяльныя праблемы, агульнаграмадзкія, чарнобыльскія праблемы ад нашага грамадзтва. Менавіта таму яны зноўку запіхваюць удзельнікаў гэтых акцыяў у тыя месцы, дзе іх ніхто ня ўбачыць. Гэта такая клясычная тактыка, якую яны выкарыстоўваюць.
На сустрэчы ў Менгарвыканкаме, паводле Ўладзімера Лабковіча, таксама на адрас заяўнікаў "Чарнобыльскага Шляху" прагучала пагроза з вуснаў аднаго з высокіх міліцэйскіх чыноўнікаў.
У.Л.: - На гэтай сустрэчы прысутнічаў і спадар Вараб'ёў, гэта адзін з высокапастаўленых супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, адказны за масавыя акцыі, які сказаў, што, калі будзе шэсьце несанкцыянаванае, то заяўнікі адкажуць па ўсёй строгасьці нашага закону.
Найбліжэйшым часам у Менску яшчэ раз зьбярэцца арганізацыйны камітэт "Чарнобыльскага Шляху", каб абмеркаваць, што рабіць далей - ці йсьці на паваду ўладаў, ці правесьці акцыю годна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства