Прысуд Парфянкову пакінуты без зменаў
25 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе разглядалася касацыйная скарга асуджанага па справе аб масавых беспарадках Васіля Парфянкова, які пакараны чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.
Справу разглядала калегія суддзяў: старшыня Назаранка В.А. пры ўдзеле Крата І.В. і Хробастава В.І.
Асабіста Васіля Парфянкова на судзе не было. Яго інтарэсы прадстаўляў адвакат Ігар Папкоўскі. У сваім выступе ён звяртаў увагу суду на тое, што высновы суддзі Вольгі Комар няслушныя, паколькі ў справе яго падабароннага няма складу злачынства масавых беспарадкаў. Адвакат папрасіў адмяніць прысуд В.Парфянкову і спыніць крымінальны перасьлед.
Пры гэтым І.Папкоў таксама звярнуў увагу, што ў прысудзе фігуруе "знішчэнне маёмасці", але нават грамадзянскі істец казаў пра "пашкоджанне маёмасці", з чаго вынікае, што няма складу ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу.
Пракурор Загароўскі не пагадзіўся з довадамі скаргі й сцвярджаў, што віна цалкам даказана матэрыяламі справы.
Судовая калегія не задаволіла касацыйную скаргу Васіля Парфянкова. Прысуд пакінуты без зменаў.
Нагадаем, актывіст штаба Ул.Някляева Васіль Парфянкоў быў затрыманы 4 студзеня ў якасці падазраванага ў масавых беспарадках 19 снежня ў Менску. Парфянкову прад’явілі абвінавачанне па ч.2 арт.293 – “удзел у масавых беспарадках”. 17 лютага судом Фрунзенскага раёна Менска (суддзя Вольга Комар) ён быў асуджаны да 4-х гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Касацыйную скаргу падаў адвакат Ігар Папкоўскі.