КДБ заяўляе, што ўстанавіў яшчэ трох падазраваных у справе 19 сьнежня
Камітэт дзяржбясьпекі ўстанавіў
яшчэ трох чалавек, якія падазраюцца ва удзеле ў масавых беспарадках
у Менску 19 сьнежня 2010 году. Пра гэта гаворыцца
ў паведамленьні Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ,
распаўсюджаным 26 сакавіка.
Як паведамляе КДБ, 21 сакавіка паводле падазрэньня ва ўчыненьні
злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса
(масавыя беспарадкі), затрыманыя найбольш актыўныя ўдзельнікі масавых
беспарадкаў Мацукевіч В. А., Шарстоў А. А.
і Гусельцаў Д. В. (усе — 1987 года нараджэньня).
«Сьледзтва мае бясспрэчныя доказы, у тым ліку паказаньні сьведак
і абвінавачаных, фота- і відэаматэрыялы, якія сьведчаць пра тое, што
названыя асобы ў ліку першых заклікалі людзей да штурму
адміністрацыйнага будынку Дому ўрада. Выявы менавіта гэтых асоб, што заклікалі
натоўп граміць Дом урада, часьцей за усё абмяркоўваліся
і дэманстраваліся апазыцыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі, якія сьцьвярджалі, што
яны і ёсьць тыя самыя „правакатары ад праваахоўнікаў“.
23 сакавіка 2011 году ў дачыненьні да Мацукевіча В.А.
пракуратурай Менску санкцыянаваная мера стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня
пад варту. Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. З грамадзян Шарстова А.А.
і Гусельцава Д.В. узята абавязальніцтва пра яўку», — паведамляе ЦІГС
КДБ.
Пры гэтым у паведамленьні адзначаецца, што Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі
«падведзена рыса ў правядзеньні мерапрыемстваў па вышуку
і ўстанаўленьні асобаў, якія справакавалі пагромы 19 сьнежня 2010
года на плошчы Незалежнасьці і бралі ў іх непасрэдны
удзел».
Дарэчы, зьвяртае ўвагу на сябе тое, чаму КДБ «знайшоў» гэтых людзей толькі
праз тры месяцы пасьля падзеяў 19 сьнежня, а таксама чаму толькі
адзін зь іх — Мацукевіч — узяты пад варту, а з двух
узятае абавязальніцтва пра яўку.
Па справе аб падзеях 19 сьнежня ўжо асуджаныя 7 чалавек.
Чацьвёра — на тэрміны ад 3 да 4 гадоў; адзін атрымаў
абмежаваньне волі, двое — расейскія грамадзяне — былі пакараныя штрафам.