Атрошчанкава адправілі ў калёнію, дзе сядзеў Казулін
Прэс-сакратара Андрэя Саньнікава Аляксандра Атрошчанкава адправілі ў калёнію «Віцьба-3», не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі.
Пра гэта паведаміла жонка журналіста Дар’я Корсак: «Ён напісаў ліст, што яго перавялі на Валадарку, ведаў, што павязуць у пятніцу, але ня ведаў куды, а я ведала куды, але ня ведала калі…», — адзначыла Дар’я Корсак сайту Хартыя-97.
Аляксандра Атрошчанкава адправілі ў калёнію 25 сакавіка, не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі, якая адбудзецца 5 красавіка ў 10 гадзін раніцы ў Менскім гарадзкім судзе.
«Муж рады, што перавялі з КДБ, сукамэрнікі сустрэлі добра. Зь ліста відаць, што ён, з аднаго боку, рады пераменам, зь іншага — знаходзіцца ў поўным няведаньні. Напісаў, што баяўся, што прыйдзецца чакаць касацыю ў КДБ «, — адзначыла Дар’я.
2 сакавіка суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў Аляксандра Атрошчанкава да чатырох гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за ўдзел у масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 г.
22 сакавіка прэс-сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Аляксандр Атрошчанкаў адзначыў свой 30-гадовы юбілей у СІЗА КДБ.