Генпракуратура адмовілася распачаць крымінальную справу паводле заяваў Міхалевіча
Генеральная пракуратура Беларусі адмовілася распачаць справу па ўсіх заявах Алеся Міхалевіча. Пра гэта паведаміў 4 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік генпракурора Андрэй Швед.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч праходзіць абвінавачаным паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Ён быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага яго адпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе.
28 лютага Міхалевіч склікаў прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў, што быў адпушчаны са сьледчага ізалятара пасля згоды стаць агентам КДБ. Паводле словаў палітыка, ён вымушаны быў пайсці на такі крок «з-за жудасных умоў утрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні».
У той жа дзень Міхалевіч накіраваў у Генпракуратуру заяву, у якім прасіў «правесці праверку і спыніць зверствы» ў дачыненні да людзей ў СІЗА КДБ.
У сярэдзіне сакавіка стала вядома, што на падставе заявы Міхалевіча генпракурор Рыгор Васілевіч даручыў правесці праверку ўмоў утрымання ў СІЗА КДБ.
17 сакавіка Міхалевічу прыйшла позва ў Генпракуратуру для дачы тлумачэнняў, аднак да таго часу былы кандыдат у прэзідэнты ўжо знаходзіўся за мяжой, нягледзячы на падпіску аб нявыездзе. Пазней стала вядома, што Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Тым не менш, праз сваю жонку, якая засталася ў Мінску, палітык заявіў пра гатоўнасць даць тлумачэнні з нагоды свайго заявы аб катаваннях.
23 сакавіка Мілана Міхалевіч паведаміла, што тры дні беспаспяхова спрабавала звязацца з супрацоўнікам Генпракуратуры, які падпісваў позву аб выкліку яе мужа для давання тлумачэнняў, каб даведацца, як можна арганізаваць гэтую працэдуру.
31 сакавіка генпракурор Васілевіч паведаміў журналістам, што запыт у Чэхію аб экстрадыцыі Міхалевіча пакуль не накіроўваўся. «Гэтае пытанне пакуль знаходзіцца ў стадыі разгляду», — сказаў ён.