А. Атрошчанкаў даслаў першы ліст з папраўчай калоніі
Пасля жорсткасцяў у КДБ і СІЗА на Валадарскага, папраўчая калонія – магчымасць нарэшце ўздыхнуць свежым паветрам. Аляксандр Атрошчанкаў даслаў першы ліст пасля пераводу ў месца адбыцця пакарання.
Паводле жонкі прэс-сакратара Андрэя Саннікава Дар’і Корсак, да 13 красавіка яе муж будзе знаходзіцца ў, так званым, медычным каранціне Віцебскай калоніі.
-- У лісце ён распавядае пра Валадарку, трошкі пра этап і трошкі пра калонію, пасля КДБ яму там усё падабаецца, яно і зразумела, толькі кормяць горш. Пра этап казаў, што там былі і людзі са зброняй, і крыкі, і сабакі, і даволі жорстка, аднак пасля КДБ ён гэта таксама даволі спакойна ўспрымаў.
Па словах асуджанага за ўдзел у акцыі 19 снежня, у папраўчай установе нават маецца спартовая пляцоўка. Паводле Аляксандра Атрошчанкава, у калоніі ён хутчэй за ўсё будзе размеркаваны ў адзін з атрадаў і накіраваны на працу. Разам з тым у аўторак а 10 гадзіне Мінскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу на прысуд зняволенаму, накіраваную адвакатам Паўлам Мушынскім, але самога Атрошчанкава на працэс з Віцебска не прывязуць.