Бандарэнку, Севярынцу, Халіп і Марцалеву таксама змякчылі абвінавачванне
Стала вядома, што следства перакваліфікавала абвінавачванне супраць каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Змітра Бандарэнкі, сустаршыні БХД Паўла Севярынца і журналісткі, жонкі Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, паплечніка Міколы Статкевіча Сяргея Марцалева.
Цяпер іх абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Гэта артыкул 342 КК частка 1.Паводле гэтага абвінавачванне Бандарэнка можа атрымаць да трох гадоў турмы. Раней Змітра абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Зміцер Бандарэнка ад 19 снежня ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Ён быў адным з апошніх вязняў, да якога пусцілі адваката. У турме ў Бандарэнкі ўзніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Павел Севярынец таксама быў затрыманы ў ноч пасля выбараў. Увесь гэты час ён знаходзіўся на «амерыканцы». У турме Павел рашуча адмовіўся даваць паказанні. За кратамі ён працягвае пісаць раман «Сэрца святла».
Ірына Халіп больш за месяц знаходзілася ў ізалятары. 29 студзеня яе перавялі на хатні арышт. Мера стрымання не змененая да гэтага часу.
Сяргея Марцалева затрымалі 23 снежня, калі ён кіраваўся на цягніку да Варшавы, каб прыянць удзел у здымках «Белсата». Марцалеў быў сябрам выбарчага штаба Міколы Статкевіча.
На мінулым тыдні абвінавачванне таксама было перакваліфікавана ў дачыненні Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты, Сяргея Вазняка, Віталя Рымашэўскага, Насты Палажанкі. Мяркуецца, што абвінавачванне могуць змякчыць у дачыненні яшчэ некалькіх вязняў.