БНФ ваюе за Сядзібу ў судзе
19 красавіка ў Гаспадарчым судзе Менску
распачнецца разгляд пазову партыі БНФ да камунальных службаў Савецкага раёну
Менску. Прадстаўнікі партыі намераныя аспрэчыць, што зь імі адмовіліся
працягнуць дамову арэнды памяшканьня Ўправы. У сваю чаргу ЖРЭА не адмаўляецца
ад намеру выселіць партыю з арэндаванага памяшканьня і зьвярнулася ў суд з
сустрэчным пазовам.
Партыйныя актывісты заявілі, што патрабаваньні камунальных службаў вызваліць
памяшканьне неабгрунтаваная, і адмовіліся яго вызваляць. У сядзібе
арганізаванае кругласуткавае дзяжурства, якое доўжыцца дваццаць дзён, кажа
адзін з удзельнікаў акцыі абароны Сяржук Семянюк:
"Фактычна, ад канца сакавіка сядзіба працуе ў кругласуткавым рэжыме:
штодня і ноччу тут знаходзяцца людзі, якія дзяжураць пры тэлефоне. Тым людзям,
якія прыходзяць, мы даем магчымасьць скласьці заяву ў Мегарвыканкам з
патрабаваньнем не высяляць партыю БНФ з памяшканьня. І вельмі шмат людзей
тэлефануюць і выказваюць маральную падтрымку".
Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала болей за 20 гадоў, скончылася 31
сакавіка. Памяшканьне Ўправы, неабходна было вызваліць з 1 красавіка. Пры гэтым
камунальныя службы рашучыя дамагчыся выкананьня свайго патрабаваньня і
зьвярнуліся ў суд з пазовам пра прымусовае высяленьне.
Пазыцыю ЖРЭА Савецкага раёну выказвае супрацоўніца службы Інэса Рузыева:
"Закончылася дамова – яны не выконвалі належным чынам умовы арэнды. У нас
ёсьць указ прэзыдэнта, у дамове арэнды ёсьць такі пункт – на падставе гэтага мы
не працягваем дамову арэнды, усё".
Кіраўніцтва партыі БНФ таксама зьвярнулася
ў суд, каб абскардзіць рашэньне камунальных сужбаў пра высяленьне.
Неабгрунтаванымі і надуманымі прэтэнзіі камунальнікаў называе кіраўнік партыі Аляксей
Янукевіч:
"Абсалютна невялікая была затрымка ў аплаце арэнды, і яна ня можа
трактавацца, як істотнае парушэньне дамовы арэнды. Акрамя таго, ёсьць рашэньне
камітэту Дзяржмаёмасьці, што з намі можа бць заключаная дамова нават не на
адзін год, а на тры. Таму мы лічым, што ЖРЭА мусіла заключыць з намі новую
дамову арэнды".
У рамках кампаніі абароны Ўправы партыі БНФ ад 1 красавіка ў сядзібе адбываюцца
культурніцкія імпрэзы: прагляды кінафільмаў, мастацкія выставы, літаратурныя
вечарыны. Перапынак быў зроблены толькі ў дні трагедыі ў менскім мэтро.