viasna on patreon

Мінінфармацыі папярэдзіла часопіс ARCHE пасля нумара пра Плошчу

2011 2011-04-21T09:21:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

20 красавіка рэдакцыя часопіса «Аrche. Пачатак» атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Яно было вынесена 15 красавіка. «У парушэнне артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“ (далей — Закон аб СМІ) у выхадных звестках нумара 1–2 часопіса „Аrche. Пачатак“ за 28 лютага 2011 года адсутнічае імя па бацьку галоўнага рэдактара выдання, няправільна паведамлена пра нумар пасведчання аб яго дзяржаўнай рэгістрацыі, а таксама не ўказаны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў гэты часопіс», — гаворыцца ў папярэджанні за подпісам міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага. Рэдакцыі прадпісваецца ліквідаваць парушэнне пры выпуску чарговага нумару.

Нагадаем, цягам апошніх дзён Мінінфармацыі вынесла папярэджанні шэрагу незалежных газет. «Нашу Ніву» папярэдзілі за тое, што на старонках газеты з’явілася «недакладная інфармацыя аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара». Пазней «НН» атрымала папярэджанне ад Генпракуратуры за публікацыю ў № 14 артыкула «Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спецслужб».

Газету «Народная воля» Мінінфармацыі папярэдзіла за публікацыю намесніцы рэдактара газеты Святланы Калінкінай «Гаворыць і паказвае «Гебельс-ТВ», прысвечаную фільму «Плошча. Жалезам па шкле». У ёй журналістка метафарычна ахарактарызала дзяржаўны канал як «Гебельс-ТВ».

14 красавіка папярэджанне ад Мінінфармацыі атрымала рэгіянальная газета «Узгорак». Горацкае выданне пакаралі за адсутнасць штрых-кода на газеце, а таксама за тое, што рэдакцыя не папярэдзіла міністэрства пра змену рэдактара (былы рэдактар газеты, вядомы на Магілёўшчыне журналіст і грамадскі дзеяч Эдуард Брокараў, памёр ад цяжкай хваробы напрыканцы 2010 года).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства