Правядзенне мітынгу ў Гомелі каштуе больш за мільён рублёў
Сябры гомельскай арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» плануюць правесці 1 мая мітынг з мэтай праяўлення салідарнасці з працоўнымі, адпаведную заяўку апазіцыянеры падалі яшчэ на пачатку красавіка ў Гомельскі гарвыканкам. Адпаведна з рашэннем мясцовых уладаў, дзя правядзення масавага мепрапрыемства патрэбна папярэдне заключыць дамовы з міліцыяй, камунальнымі службамі і хуткай дапамогай. Дарэчы, усе адмовы на правядзенне мітынгаў гарвыканкам матываваў менавіта невыкананнем з боку заяўнікаў дадзеных патрабаванняў.
«На гэты раз мы выканалі ўсе капрызы ўлады — і месца выбралі для мітынгу адзінае дазволенае ў горадзе, і заключылі дамовы з адпаведнымі службамі. Нават не ведаю, на якой толькі падставе могуць нам адмовіць у гэты раз», - зазначыў кіраўнік абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка.
Па яго словах, цалкам усе дамовы абыйшліся больш за мільён рублеў. Прычым камунальныя службы запатрабавалі за прыборку тэрыторыі 122 тысячы рублеў. Яны растлумачылі, што тры чалавекі будуць працаваць на ўборцы тэрыторыі чатыры гадзіны. «Мітынг наш запланаваны на дзве гадзіны, з 11.00 да 13.00, але камунальная служба кажа, што ў іх такія тарыфы — ад чатырох гадзін», - дадаў Сякерка.
Міліцыя заключыла дамову з левымі на такіх умовах: на дзесяць мітынгуючых павінен быць адзін міліцыянер, гадзіна працы якога каштуе 17 тысяч рублёў, адпаведна, за дзве гадзіны на мітынгу з запланаванай прысутнасцю 200 чалавек левыя вымушаны заплаціць 680 тысяч рублёў.
Гадзіна працы хуткай дапамогі «агульнага прызначэння» каштуе 140 тысяч рублёў, адпаведна, заяўнікам трэба заплаціць 280 тысяч.
«Прычым яшчэ невядома, дазволіць гарвыканкам праводзіць мітынг ці дзе. Таму камунальныя службы і хуткая дапамога пагадзіліся, што грошы мы можам аддаць па факту выкананых паслуг, на працягу 10 дзён. Міліцыя ж патрабуе папярэдняй аплаты. Пачакаем, што адкажуць улады. Прынамсі, у мінулыя гады яны нам прапаноўвалі далучыцца да агульных мерапрыемстваў з нагоды 1 мая, але такім чынам мы, канечне, пазбаўляемся магчымасці выступіць публічна і данесці да людзей сваю пазіцыю», - лічыць Сякерка.
Адказ на заяву аб правядзенні масавага мерапрыемства гарвыканкам мусіць даць за пяць дзён да правядзення мітынгу.
“Праваабарочая хроніка”