viasna on patreon

Безбар’ерны асяродак павялічваецца надзвычай марудна

2011 2011-05-05T12:03:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/saligorsk-ruus-2009.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябры Беларускага Хельсінскага Камітэту пры падтрымцы мясцовых маладафронтаўцаў правялі агляд сітуацыі па выкананню правоў інвалідаў-вазочнікаў у Салігорскім рэгіёне. Вынікі пакінулі неадназначнае ўражанне ў праваабаронцаў.
Справа ў тым, што яшчэ ў 2009 годзе прадстаўнікі БХК ажыццявілі грамадскі маніторынг у горадзе Салігорску па выкананню “Дзяржаўнай праграмы па безбар’ерным асяродку і жыццядзейнасці фізічна аслабленых асобаў на 2007-2010 гг.” Высновы маніторынгу былі далёка несуцяшальнымі. Адпаведны даклад быў накіраваны ва ўладныя структуры ўсіх узроўняў - ад мясцовых Саветаў да Адміністрацыі Прэзідэнта. Цяпер праваабаронцы вырашылі прааналізаваць, ці адбыліся за апошнія два гады змены, датычныя правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
- Мы ўжо правялі агляд тых самых сацыяльна значных будынкаў, на якія звярталася ўвага ў маніторынгу 2009-га году. Падрыхтаваны адпаведныя фотаматэрыялы і анкетныя дадзеныя. Зараз мы вырашаем у якой форме гэта ўсё будзе рэалізавана - невялікая аналітычная запіска ці яшчэ адзін грунтоўны даклад, - кажа адзін з ініцыятараў маніторынгу Аляксей Валабуеў.
Некаторымі высновамі салігорскі прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту па правах чалавека Леанід Мархотка падзяліўся ўжо зараз:
- Яшчэ рана казаць пра канчатковыя вынікі, але пэўныя зрухі варта адзначыць. Найперш, канешне, гэта намеры ўладаў па далучэнню Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі па правах інвалідаў і распрацоўка чыноўнікамі адпаведнага праекту закона, які мусіць у гэтым годзе патрапіць у Парламент. Гэта, канешне, не толькі і не столькі наша заслуга, але ж далучэнне да Канвенцыі была асноўнай рэкамендацыяй у нашым дакладзе два гады таму, - сцвярджае праваабаронца. - На мясцовым узроўні нас таксама пачулі. На Салігорскім тэлеканале пачалі з’яўляцца грунтоўныя тэлепраграмы на тэму безбар’ернага асяродку і правоў інвалідаў.
Але сітуацыя яшчэ надта далёкая ад ідэальнай, заяўляюць прадстаўнікі БХК. Па папярэдніх дадзеных, больш за дзевяноста адсоткаў даследаваных праваабаронцамі аб’ектаў па ранейшаму застаюцца недаступнымі для інвалідаў-вазочнікаў.
- Крокі наперад ёсць. Так, у мясцовым РАУС нарэшце з’явіўся пандус (на фота: уваход у РАУС у 2009 годзе і ў 2011 годзе). У дзіцячай паліклініцы таксама ўлічылі нашы заўвагі. Але хуткасць іх з’яўлення ў горадзе літаральна па адной штуцы на год. Гэта проста здзек. І гэта толькі гаворка пра наяўнасць пандусаў. Калі ж гаварыць пра даступнасць аб’ектаў у цэлым, дык статыстыка будзе яшчэ больш сумная, - кажа Леанід Мархотка.
Аднак праваабаронцы не губляюць аптымізму ў гэтым пытанні. Мінулы электаральны год быў не самым спрыяльным для абароны правоў інвалідаў-вазочнікаў. Выбары ў мясцовыя Саветы, прэзідэнцкая кампанія ды паслявыбарчыя рэпрэсіі адымалі значныя рэсурсы ва ўладаў і ў грамадзянскай супольнасці. Цяпер жа, на думку салігорскіх актывістаў БХК, улады будуць спрабаваць кампенсаваць “закручванне гаек” на грамадска-палітычным полі праз больш актыўную дзейнасць ў пытаннях забеспячэння правоў сацыяльна неабароненых груп.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства