viasna on patreon

Маці абвінавачанага ў тэракце шукае яшчэ аднаго адваката

2011 2011-05-13T01:27:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vybuh-metro.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Віцебска, сын якой з’яўляецца абвінавачаным па справе выбуху ў метро 11 красавіка, паспрабавала наняць другога адваката – апрача таго, які быў прызначаны следствам. Аднак усе, да каго яна звярталася, ёй адмовілі, спаслаўшыся на сумны досвед сваіх калег, пазбаўленых адвакацкіх ліцэнзій пасля абароны ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня.

 

Маці звярнулася да незалежных журналістаў і распавяла пра факты, якія не дазваляюць ёй меркаваць, што следства вядзецца аб’ектыўна:

 

-- Я не кантактую з бацькамі другога хлопца, якога таксама вінавацяць у тэрарызме. Зрэшты, блізкімі сябрамі яны не былі: у пачатковай школе яны вучыліся ў адным класе, потым сустракаліся толькі  час ад часу. Але па тым відэа, якое выкладзена ў інтэрнэце, я магу сказаць адно: я не пазнаю ў гэтым чалавеку з вялікай сумкай ні свайго сына, ні ягонага сябра. Мой сын сказаў мне, што ўвечары 11 красавіка ў метро не быў увогуле. Значыць, недзе ёсць сведкі, якія яго бачылі ў нейкім іншым месцы. Але я не ведаю, ці шукае іх следства, і як увогуле яно праводзіцца.

 

Маці абвінавачанага пераканана, што ў незалежнага  адваката куды больш магчымасцяў, чым у прызначанага следствам, і што два абаронцы ва ўсякім разе лепей, чым адзін:

 

-- Я пыталася ў адваката, хто цяпер следчы ў майго сына. Яна адказвае, што іх “цэлая каманда”. Нічога даведацца не магу. Адвакат спасылаецца на падпіску пра неразгалошванне следства і кажа, можа паведамляць мне толькі пра стан здароўя сына – і то па знешніх прыкметах, калі яго бачыць. А што такое “знешнія прыкметы”? У інтэрнэце, да прыкладу, паведамлялася, што аднаго з абвінавачаных у турме збівалі. Я не ведаю, верыць гэтаму ці не. Ад сына звестак пра такое не атрымаеш. Мне ўвогуле прыйшоў толькі адзін ліст за ўвесь месяц затрымання. Там напісана, што кормяць добра і што следчыя “лішняга навешваць не будуць”. Але я не ўпэўнена, што гэты ліст напісаны шчыра.

 

У сямейным архіве цяпер збіраюцца ўсе дакументы адносна следства пра падзеі 11 красавіка. Гэта раздрукоўкі з інтэрнэту, газетныя выразкі і два пратаколы ператрусаў. Першыя ператрусы прайшлі ноччу 13 красавіка ў віцебскай кватэры і ў мінскім пакойчыку – абвінавачаны здымаў яго з канца мінулага году, калі пераехаў у Мінск шукаць лепшай працы.

 

-- У нас з дома забралі цвікі, дрот, нават ланцужкі ад пояса да спадніцы маёй дачкі. Знайшлі 5 таблетак гідраперыту, якім я некалі асвятляла валасы. Забралі дрот, на якім муж сушыў рыбу. Навошта гэта рабілі, я не ведаю: па тэлевізары ж казалі, што не было ў тых бомбах ні цвікоў, ні шрубоў… Кажуць, што ў падвалах знайшлі нейкую лабараторыю, а дзесці за горадам – цэлы палігон для выпрабаванняў. Мне ўсё гэта падаецца дзіўным. І ўвогуле следства вядзецца дзіўна. Чапляюцца да ўсяго, што падтрымлівае абвінавачанне. Напрыклад, пытаюцца: “У дзяцінстве ён петарды ўзрываў?” Калі ўзрываў – значыць, усё!

 

Калі з ператрусам у кватэру прыйшлі другі раз, маці дома не было. І яна кажа, што дагэтуль не ведае, што тады забралі з кватэры:

 

-- Я была ў Мінску. Мужа забралі з працы, пасадзілі ў пакоі, забаранілі перасоўвацца па кватэры. А самі хадзілі паўсюль, рабілі, што хацелі, нешта забралі, а я нават не ведаю, што. Бо пратакола не пакінулі. І панятыя нібыта былі, але не суседзі – іх таксама прывезлі з сабой. Я тым часам была ў кватэры, дзе сын здымаў пакой. Там таксама рабілі ператрус, але мяне не пусцілі. Забралі ўсе адзенне сына і нават пыласос гаспадыні. Я не ведаю, ці аддадуць яго назад, і як я буду  з гаспадыняй разлічвацца – бо ўсе забралі таксама не пакінуўшы ніякіх пратаколаў…

 

Маці гаворыць, што ў такіх умовах адчувае сябе безабароннай  і не ведае, чым можна сапраўды дапамагчы сыну. Таму гатовая прыняць любую юрыдычную дапамогу – ад адвакацкіх паслугаў да разавых юрыдычных кансультацый ад праваабаронцаў.

 

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства