viasna on patreon

Пракуратура хоча дапытаць Івана Шылу па справе аб тэракце

2011 2011-05-13T01:43:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shyla01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра тое, што Івана Шылу можа дапытаць польская паліцыя па справе тэракту,  бацьку салігорскага маладафронтаўца паведаміў следчы па найважнейшых справах пракуратуры Мінскай вобласці Ігар Масляк (на здымку).
Яшчэ 11 траўня ў кватэры сям’і Шылаў раздаўся тэлефонны званок з пракуратуры. Следчы Масляк цікавіўся месцазнаходжаннем Івана, старэйшага з братоў Шылаў, аднак агучыць па тэлефоне прычыну свайго інтарэсу да асобы аднаго з лідэраў “Маладога Фронту” адмовіўся. І хоць навучанне маладзёна ў Польшчы не з’яўляецца таямніцай, але супрацоўніку вельмі хацелася атрымаць пісьмовае пацвердажнне ад бацькоў.
Каб знайсці адказны на ўзніклыя пытанні 12 траўня бацька маладзёна наведаў пракуратуру. Вось толькі пытанняў з’явілася яшчэ больш.
- Следчы паведаміў, што Івана шукаюць у сувязі з выбухам у мінскім метро і ўсё намагаўся ўзяць з мяне падпіску аб неразгалошванні. Праўда патлумачыць мой статус у гэтай справе ён не змог, таму і падпіску ў выніку браць не стаў, - кажа Уладзімір Шыла. - Але ж самае абуральнае, што і адказаць на пытанне, у якім статусе знаходзіцца мой сын, спадар Масляк таксама не змог.
Па словах бацькі маладафронтаўца, следчы па найважнейшых справах паведаміў аб магчымасці адпраўкі запыту ў польскую паліцыю для правядзення допыту Івана польскім бокам:
- Пракуратура хоча, каб Іван з’явіўся да іх па прыедзе ў Беларусь. Я паабяцаў папрасіць Івана аб гэтым, калі следчы гарантуе мне, што раптам майго сына не затрымаюць на мяжы за “бойку”. Бо гэтак ўжо здарылася з іншым палітпрызыўніком Алесем Калітой, які разам з маім сынам служыў у адной частцы з падазраваным у тэракце. Тады мне паведамілі аб магчымым адпаведным запыце нашых органаў на правядзенне допыту майго сына польскай паліцыяй. Я быў усцешаны гэткім адказам і параіў абавязкова так і зрабіць.
Варта адзначыць, што ў гэты ж дзень бацькі атрымалі павестку на імя Івана аб неабходнасці з’явіцца 13 тарўня ў пракуратуру Салігорскага раёна. Але ж і ў ёй не быў пазначаны статус іх сына ды адсутнічала ўказанне на справу, па якой яго хочуць бачыць. Для кагосьці гэткая акалічнасць можа падацца дробяззю, але такі факт ставіць пад пэўны сумнеў усю працу па расследаванні тэракту ў мінскім метрапалітэне. Бо калі адказныя работнікі пракуратуры па найважнейшых справах не могуць правільна і ў адпаведнасці з працэсуальным кодэксам аформіць элементарную позву, дык ці хопіць у іх кампетэнцыі для расследавання справы нацыянальнай важнасці.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства