Аналітычны агляд судовага працэсу па справе Дароніна, Казакова, Лобана, Мацукевіча, Сакрэта, Федаркевіча
У Судзе Маскоўскага раёна г. Мінска з 5 па 11 траўня 2011г. пад старшынствам суддзі Алены Шылько, з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы, нам. пракурора Маскоўскага раёна г. Мінска Мельніка адбыўся судовы разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Дароніна, Казакова, Федаркевіча, Сакрэта, Мацукевіча, Лобана, якія абвінавачваліся па ч.2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь (непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках). 12 траўня суд прызнаў абвінаввачваных віноўнымі ў здзяйсненні злачынства, якое прадугледжана ч.2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь, і прыгаварыў:
Уладзіміра Лобана — 3 гады пазбаўлення волі;
Алега Федаркевіча — 3,5 гады пазбаўлення волі;
Яўгена Сакрэта — 3 гады пазбаўлення волі;
Сяргея Казакова — 3 гады пазбаўлення волі;
Дзмітрыя Дароніна — 3,5 гады пазбаўлення волі.
Віталя Мацукевіча - 3 гады пахбаўлення волі.
Кароткі аналіз доказнай базы
1.У судовым працэсе, як і ў папярэдніх, не прадстаўленыя неабходныя доказы таго, што 19 снежня 2011г. пад час мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў мелі месца масавыя беспарадкі, прадугледжаныя арт.293 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам праваахоўных органаў і органаў улады.
2.У судзе так і не былі прадстаўленыя дакладныя доказы таго, што непасрэдна абвінавачваныя здзейснілі хоць адно з дзеянняў, якія дыспазыцыяй артыкула 293 КК Рэспублікі Беларусь аднесеныя да кваліфікацыі масавых беспарадкаў.
3.У судзе ўвогуле не прадстаўленыя доказы таго, што Мацукевіч у прынцыпе прымаў удзел у актыўных дзеяннях у Менску на пл. Незалежнасці, таму яго варта лічыць асуджаным выключна па агавору некаторых сведкаў, якія былі дапрошаныя ў крымінальным працэсе.
4. Шэраг судовых матэрыялаў, у першую чаргу відэаматэрыялаў, могуць быць непасрэдным доказам таго, што некторыя з абвінавачваных, а менавіта Федаркевіч, Казакоў, Сакрэт, Лобан здзейснілі іншыя правапарушэнні, якія могуць кваліфікавацца як хуліганства, такая перакваліфікацыя з боку суда дакладна б ацаніла ўчынкі кожнага, і пры такой змене абвінавачвання асобы павінны былі прыцягвацца да пакаранняў, якія не зьвязаныя з пазбаўленнем волі.
Так, ў сваім выступе ў спрэчках дзяржаўны абвінаваўца ацаніў ролі кожнага з абвінавачваных.
Лобан – вырваў шчыт супрацоўніка міліцыі, падтрымліваў іншых асоб, якія наносілі ўдары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі. Гэтыя дзеянні нельга лічыць ўзброеным супрацівам міліцыі. Трэба адзначыць, што вырваны шчыт быў дабраахвотна аддадзены супрацоўнікам міліцыі.
Сакрэт – аказаў ўзброены супраціў наносячы некалькі ўдараў гваздадзёрам па шчытах супрацоўнікаў міліцыі. Трэба адзначыць, што гэтыя яго дзеянні хоць і супрацьпраўныя, але не могуць лічыцца ўзброеным супрацівам, бо прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася для нанясення ўдараў не можа лічыцца зброяй згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама яго дзеянні не прывялі да цяжкіх наступстваў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Казакоў – нанес 20 удараў па супрацоўніках міліцыі. Такія дзеянні хоць і супрацьпраўныя, але з відэаматэрыялаў не вынікае, што такія ўдары наносіліся, а тым больш яны не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі.
Федаркевіч – наносіў ўдары нагамі па дзвярах, шклу, драўляных загароджах. Гэтыя дзеянні зафіксаваны відэаматэрыяламі, якія прыкладзеныя да справы, але яны не могуць кваліфікавацца як пашкоджанні маёмасці, бо маёмасць не была знішчаная, а тая шкода, якая была нанесеная – не з’яўляецца значнай.
Мацукевіч – нанёс тры ўдары па дзвярах, сваімі заклікамі “Беларусы сюды” падбухторваў іншых грамадзян да гвалтоўных дзеянняў.
Гэтая выснова дзяржаўнага абвінаваўцы супярэчыць фактычна ўсім матэрыялам справы. Так, Мацукевіч не наносіў ўдары па дзвярах, тыя кадры з яго ўдзелам, якія былі агледжаныя ў судовым паседжанні, ясна паказваюць, што ён стаяў на прыступках і выкрыкваў лозунг “Беларусы сюды!”, які па свайму сэнсу не можа лічыцца падбухторваннем да гвалтоўных дзеянняў, не з’яўляецца агрэсіўным па скіраванасці і таму, не можа быць падставай для такой высновы. Паказанні сведкаў Квяткевіча і Яроменкі аб тым, што яны, быццам бы пачуўшы гэтыя заклікі, расцанілі іх як заклікі да біцця дзвярэй, нельга браць пад увагу, бо гэтыя асобы самі з’яўляюцца абвінавачванымі ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, і маглі такім чынам агаварыць Мацукевіча знаходзячыся пад ціскам следства. Трэба адзначыць, што Мацукевіч з’яўляецца ахвярай агавору сведкі Крысціны Шацікавай, якая прызнаўшы ў ім правакатара яшчэ да яго затрымання, працягвала яго агаворваць, нават калі ён ўжо быў затрыманы. Паказанні гэтых сьведкаў супярэчаць і відэаматэрыялам, дзе бачна, што Мацукевіч выкрыкнуў некалькі разоў лозунг і затым пакідае плошчу, як толькі іншыя асобы пачалі біць шкло, і ён пакінуў плошчу бесперашкодна. Гэты факт падцьверджаны і сведкамі Шарстовым і Гусельцавым, якія ўвесь час знаходзіліся на плошчы разам з Мацукевічам.
Адсутнасць самога факту масавых беспарадкаў
19.12.2011г. у Менску акцыя пратэсту насіла мірны характар. Толькі невялікая група, не больш за 20 чалавек, адхілілася ад мірнага характару акцыі і прыняла ўдзел у гвалтоўных дзеяннях. Частка гэтых асобаў здзяйснялі такое з хуліганскіх меркаванняў, частка з мэтай пранікнуць ў будынак Дома ўраду, але гэтыя дзеянні не суправаджаліся пагромамі, падпаламі, ўзброеным супрацівам, гвалтам над асобай.
Масавыя беспарадкі прадугледжваюць прамы намер на іх здзяйсненне, ўзгодненасць у дзеяннях асобаў, неўтаймаванасць натоўпу. Сведкі паказалі, што ў руках у дэманстрантаў не было бачна прадметаў, якія маглі б выкарыстоўвацца для гвалтоўных дзеянняў (не было чаранкоў ад рыдлевак, ледарубаў, рыдлевак, сякер). Супрацьпраўныя дзеянні былі спыненыя адразу, як толькі з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія доўгі час дэманстратыўна не ўмешваліся ў дзеянні правапарушальнікаў, ніякім чынам не спыняючы іх паводзіны.
Доказнасць віны абвінавачваных
Ніводны з сведкаў альбо пацярпелых не паказаў, што бачыў, як абвінавачваныя наносілі ўдары па супрацоўніках міліцыі, ці па дзвярах будынка, а відэаматэрыялы ці ўвогуле не фіксуюць дзеянні абвінавачваных, альбо наадварот сведчаць, што іх дзеянні не могуць кваліфікавацца як актыўны ўдзел у масавых беспарадках.
Выснова
Асуджэнне абвінавачаных Сакрэта, Дароніна, Лобана, Мацукевіча, Федаркевіча, Казакова па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь з’яўляецца незаконным і палітычна матываваным, а прысуд суда – жорсткім і непрапарцыйным пакараннем у параўнанні са здзейсненымі імі правапарушэннямі, тым больш, што ў дзеяннях Мацукевіча ўвогуле прысутнічаюць толькі прызнакі адміністратыўнага правапарушэння.
Кароткае апісанне судовага паседжання
Суд пачаўся з азнаямлення з абвінавачваннем, якое прадставіў дзяржаўны абвінаваўца Мельнік. Сыходзячы з пазыцыі абвінаваўцы абвінавачваныя па папярэдняй змове здзейснілі масавыя беспарадкі, якія выразіліся ў падпалах, пагромах, гвалтам над асобай, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам супрацоўнікам міліцыі.
Абвінавачваныя аб’ядналіся з бясчынствуючым натоўпам, які дзейнічаў як адно цэлае і здзейсніў масавыя беспарадкі, актыўнымі ўдзельнікамі якога былі абвінавачваныя, якія кожны ў рознай ступені нанеслі ўдары па дзвярах, драўляных агароджах, супрацоўніках міліцыі. У выніку дзеянняў абвінавачваных пацярпелі 29 супрацоўнікаў міліцыі, якія прызнаныя пацярпелымі і выкліканы ў судовае паседжанне. Абвінавачваныя часткова прызнаюць віну, акрамя Дароніна, які цалкам не прызнаў сваю віну.
Суд перайшоў да допыту абвінавачваных
Яўген Сакрэт заявіў, што хацеў застацца на выпадак, калі будзе намётавае мястэчка. У часе разгону атрымаў дубінкай па галаве. Сымпатызаваў кандыдатам і хацеў падтрымаць іх маральна. Пра забарону на вулічную акцыю ня чуў. Прызнае, што грукаў па шчытах міліцыянтаў і ў фанэру за дзьвярыма Дому ўраду пасьля таго, як яго зьбілі міліцыянты. Масавых беспарадкаў не прызнае. Сваю віну прызнае часткова.
Допыт Уладзімера Лобана: ніякіх пагромаў і масавых непарадкаў ня бачыў. Часткова прызнаў, што падтрымліваў чалавека, які біў па шчыту міліцэйскага спэцназу. Прыйшоў выказаць грамадзянскую пазыцыю. Зброі ня бачыў.
Допыт Мацукевіча: кажа, што пра Плошчу даведаўся з дзяржаўных СМІ. Пайшоў з сябрамі з уласнага інтарэсу. Прызнаў, што на плошчы гукаў «Беларусы, сюды. Мы гаспадары краіны і будзем ёй кіраваць!» З плошчы сыйшоў сам. Мацукевіч віны не прызнае.
Допыт Федаркевіча: кажа, што быў прастужаны і слаба што помніць. Шыбаў ня біў, толькі даставаў пабітае шкло. Ён таксама некалькі разоў ударыў па фанеры за дзьвярыма. Віну прызнае часткова. Ніякага гвалту, пагромаў ня бачыў. Чуў воклічы «Жыве Беларусь!».
Допыт Дароніна: кажа, што пайшоў на Плошчу з двума сябрамі пачуць пра вынікі выбараў. Папярэджаньняў міліцыі ня чуў. Нікога і нічога ня біў — толькі па агароджы нагамі. Кажа, што цалкам невінаваты.
Затым суд перайшоў да допыту пацярпелых.
У судовым паседжанні былі дапытаныя “пацярпелыя” Скараход, Лушчык, Волкаў Руслан, Зянкевіч Ігар, Сакач Аляксей, Піліпейка, Гушча, Сарока Яўген, Буланоўскі Дзяніс, Комар Іван.
У суд паступілі заявы ад іншых “пацярпелых”, дзе яны заяўлялі, што не могуць прыйсці ў суд па службовай неабходнасці, і таму суд палічыў магчымым прызнаць гэтую падставу здавальняючай, і зачытаў іх пісьмовыя паказанні, якія яны давалі на этапе папярэдняга следства.
Усе “пацярпелыя” паказалі, што, калі яны выйшлі да дзвярэй Дома ўраду на іх напаў бясчынствуючы натоўп, які наносіў удары прутамі і чаранкамі ад рыдлевак, некаторыя бачылі бутэлькі з гаручай вадкасцю, ледарубы.
Высновы з паказанняў пацярпелых.
1. Ніводны “пацярпелы” не засведчыў у судзе, што ён атрымаў пашкоджанні ад абвінавачваных, ці ўвогуле бачыў абвінавачваных, якія ажыцяўлялі актыўныя дзеянні.
2. Паказанні “пацярпелых” аб тым, што быццам бы ў дэманстрантаў былі ў руках прадметы, якія маглі выкарыстоўвацца для гвалтоўных дзеянняў, не адпавядаюць паказанням сведкаў, а таксама відэаматэрыялам, які пазьней быў прагледжаныя ў судзе.
3. З 29 пацярпелых 24 атрымалі пашкоджанні, якія не звязаныя нават з кароткатэрміновай стратай здароўя і ўвогуле нават не падцвярджаюцца заключэннямі медычных экспертаў, а астатнія звязаныя з незначнымі пашкоджаннямі.
4. Роля “пацярпелых”, якія адны і тыя ж фігуруюць ва ўсіх судовых паседжаннях, зводзіцца да падмацавання пазыцыі абвінавачвання аб тым, што 19.12.2010г. мелі месца масавыя беспарадкі.
5. Усе “пацярпелыя” давялі, што падчас затрымання, калі яны выйшлі для расячэння натоўпу, ім фактычна не аказвалася супраціўленне, што не стасуеца з тэзай аб бясчынствуючым натоўпе.
У сваю чаргу абвінавачваныя патлумачылі наступнае:
Сакрэт: чуў, што былі сутычкі з міліцыяй, але сам атрымаў удар дубінкай па галаве, і таму ў якасці самаабароны бараніўся цвікадзёрам, які ўзяў з сабой загадзя, бо зраніцы 20.12.2010 г. з Плошчы збіраўся на працу.
Лобан, Казакоў: Не бачыў, каб білі супрацоўнікаў міліцыі. Не бачыў нічога акрамя сцягоў.
Мацукевіч патлумачыў, што толькі выступаў на прыступках будынка з лозунгам “Беларусы сюды”, і як пачалося біццё шкла сышоў з плошчы, што ў далейшым будзе падцверджана паказаннямі сведкаў і відэаматэрыяламі.
Усе абвінавачваныя патлумачылі, што не чулі патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі разыйсціся, не бачылі ў руках у дэманстрантаў нічога акрамя сцягоў, і калі з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, адразу спыніліся гвалтоўныя дзеянні, але супрацоўнікі міліцыі доўгі час дэманстратыўна не ўмешваліся.
Суд перайшоў да азнаямлення з матэрыяламі следства.
Асноўным дакумантам з’яўляецца пратакол агляду месца здарэння, на падставе якога адзначана, што на плошчы знойдзеныя: бутэлькі, арматура, чаранкі ад рыдлёвак, сякера, ледарубы, бутэлькі з успламяняльнай вадкасцю, і іншыя прылады.
У далейшым у выступе ў спрэчках адвакаты давядуць, што гэтыя матэрыялы знайшлі толькі падчас трэцяга агляду, ужо пасьля 15 гадзінаў, калі не было забяспечана тое, каб пастаронія асобы прыйшлі на плошчу і раскідалі гэтыя прадметы, з мэтай дыскрэдытацыі ўдзельнікаў мірнай акцыі. Першы агляд не выявіў увогуле вышэйазначаных рэчавых доказаў.
Суд перайшоў да допыту сведкаў з боку абвінавачванага.
Сведка Квіткевіч, які быў дастаўлены канвоем, і сам з’яўляецца абвінавачваным за падзеі на плошчы патлумачыў, што пачуў заклікі Мацукевіча “Беларусы сюды” і ацаніў іх як заклікі да гвалтоўных дзеянняў. Спачатку сведка адмаўляў гэта, і нават не прызнаваў факт, што пазнае Мацукевіча, але пад ціскам пракурора, які ўжываў забароненыя законам наводзячыя пытанні выціснуў з сведкі апазнанне Мацукевіча.
У тую ж чаргу сведка падкрэсьліў, што не бачыў, як Мацукевіч б’е шкло, не бачыў у руках у дэманстрантаў нічога акрамя сцягоў, а таксама не чуў заклікаў міліцыі разыйсціся.
Сведка Крысьціна Шацікава – адзіная паказала, што бачыла Мацукевіча, палічыла яго правакатарам, бачыла як ён біў шкло. Сведка Шацікава фактычна агаварыла Мацукевіча з мэтай апраўдаць сваю беспадстаўную тэзу, што Мацукевіч з’яўляецца правакатарам. Яе паказанні сталі асновай для прыцягнення Мацукевіча да крымінальнай адказнасці.
Сведкі Гусельцаў і Шарстоў падцвердзілі, што Мацукевіч выкрыкваў лозунг “Беларусы сюды”, але не біў шкло, і калі іншыя асобы пачалі біць шкло пакінуў плошчу разам з імі.
Сведкі Ганчар Аляксандр, Пракапчук Андрэй, Зыль Дзяніс далі паказанні, датычныя паводзінаў Дароніна.
Трэба адзначыць, што ўсе вышэйазначаныя сведкі не бачылі гвалтоўных дзеянняў, не бачылі прадметаў у руках дэманстрантаў, якія, быццам бы знайшлі пасьля акцыі падчас агляду плошчы, а таксама не чулі заклікаў разыйсціся ад супрацоўнікаў міліцыі.
Сведкі – супрацоўнікі міліцыі Нікіфарэнка Аляксандр, Шчур Яўген, Новік Аляксандр, Макасін Кірыл, Рашчупкін Андрэй давалі паказанні аналагічныя паказанням “пацярпелых”. Аднак Рашчупкін, які быў відэаператарам і знаходзіўся непасрэдна ля дзвярэй, заявіў, што не бачыў у руках у дэманстрантаў ніякіх прадметаў акрамя сцягоў.
Суд перайшоў для прагляду відэаматэрыялаў.
На некаторых кадрах бачны абвінавачваныя, некаторыя з іх, Даронін, Федаркевіч, Сакрэт, Лобан, наносяць удары па шклу, драўляных агароджах. Бачна толькі, як Мацукевіч выкрыквае лозунгі і ненаносячы ўдары сыходзіць з плошчы, што цалкам абвяргае непраўдзівыя паказанні сведкі Шацікавай.Пасьля прагляду відэаматэрыялаў пракурор папрасіў абвінавачваных даць тлумачэнні сваіх дзеянняў.
Суддзя і пракурор давілі на абвінавачваных з мэтай схіліць іх да прызнання.
Сакрэт прызнаў, што сапраўды спрабаваў прайсьці ў будынак ураду, але не наносіў удары, а грукаў з мэтай, каб паведамілі, дзе дзеліся кандыдаты, якія пайшлі на перамовы. Прызнаў, што ягоныя дзеянні насілі хуліганскі характар, але ніяк не масавыя беспарадкі.
Казакоў: не прызнаў ўдзел у масавых беспарадках, патлумачыў свае дзеянні, як хуліганскія.
Федаркевіч: Не чуў заклікаў і агрэсіўных лозунгаў, наносіў удары з хуліганскіх меркаванняў.
Даронін віну не прызнаў, ацаніў свае дзеянні як хуліганскія.
Мацукевіч: сваю віну не прызнаў, па шклу не біў, выкрыкваемыя лозунгі не могуць лічыцца агрэсіўнымі.
Трэба адзначыць, што Мацукевіч і Даронін да пачатку акцыі ўжывалі алкагольныя напоі, але ў невялікай колькасці.
Па хадайніцтву абароны былі дапытаныя сведкі Сарачук Дзмітрый, Саўчук Арцём, якія паказалі, што ў руках у дэманстрантаў не было прадметаў для гвалтоўных дзеянняў, у гвалтоўных дзеяннях удзельнічала не больш за 20 чалавек, якіх спынялі самі дэманстранты, і што пераважная большасць удзельнікаў акцыі прымалі ўдзел выключна мірна. Судзя агрэсіўна рэагуе на паказанні сведкаў абароны, пагражае адказнасцю за дачу ілжывых сведчанняў, і сваімі паводзінамі падкрэслівае перадвызначанасць судовага рашэння.
Суддзя адхіліла хадайніцтва абароны аб допыце сведкаў – супрацоўнікаў міліцыі якія вялі відэаздымку непасрэдна ў натоўпе і ля дзвярэй, а таксама агляд у судзе відэаздымкаў са стацыянарных камер Дома ўраду.
Адхіленне гэтых важных хадайніцтваў для ўсталявання ісьціны па справе сведчыць, што суд не імкнуўўся безстаронне і аб’ектыўна разгледзіць справу.
Выступы ў спрэчках
У спрэчках пракурор паўтарыў тэзы абвінавачвання, падкрэсліў, што віна даказаная, і запатрабаваў прызнаць усіх вінаватымі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь.
Адвакаты даказвалі наступнае:
1. Адсутнічаюць усе прыкметы масавых беспарадкаў: адсутнічае бясчынствуючы натоўп, у руках у людзей няма прадметаў да гвалтоўных дзеянняў, невялікі памер пашкоджанняў, няма і гвалту над асобамі, бяздзеянне супрацоўнікаў міліцыі. У дзеяннях абвінавачваных адсутнічае прамы ўмысел, гвалтоўныя дзеянні ажыцяўляла вельмі маленькая група, дзеянні якіх павінны кваліфікавацца больш мяккімі артыкуламі КК Беларусі.
2. Суд мусіць ацэньваць дзеянні кожнага, індывідуальныя паводзіны, а не прызнаваць віноўнымі ў злачынстве, якое не здзяйснялі абвінавачваныя. Такі падыход суда парушае прынцып індывідуалізацыі пакарання, уводзіць кругавую паруку, калі асобы нясуць адказнасць за дзеянні іншых.
Нягледзячы на адсутнасць доказу віны абвінавачвнаых, суд прызнаў іх вінаватымі і вынес цяжкае пакаранне, нягледзячы на тое, што некаторыя з абвінавачваных нават не наносілі аніводнага ўдару падчас акцыі.