Паўлюкевіча затрымалі за створаную суполку "Вконтакте"
Супрацоўнікі спецслужбаў выдалілі суполку "Вконтакте" «Мы За Вялікую Беларусь!», якая заклікала на «Марш мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі. Аб гэтым Рацыі паведаміў сустаршыня аргкамітэта Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец са спасылкай на словы сяброў інтэрнэт-суполкі.
Напярэдадні ўвечары да Паўлюкевіча ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі спецслужбаў:
- Да яго да хаты прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Тут жа з яго кампутара знішчылі гэтую старонку ў інтэрнэце. Затым Сяргея Паўлюкевіча вывелі з хаты і да гэтага часу невядома, дзе ён. Гэта тое, што вядома на сённяшную раніцу. У КДБ ніякіх каментароў не даюць, нават не паведамляюць, ці ён там, спасылаюцца на Цэнтр грамадскіх сувязяў, а Цэнтр грамадскіх сувязяў не адказвае.
Суполка, створаная Сяргеем Паўлюкевічам, рыхтавала «Марш мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі. Удзельнікі заклікалі распачаць яго 15 ліпеня на цэнтральнай плошчы Мінска. У суполцы было 120 тысяч удзельнікаў – піша “Наша Ніва”.
Сяргей Паўлюкевіч за ўдзел у падзеях 19 снежня быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней ён распавёў пра спробу вярбоўкі яго з боку КДБ.