Пінскія СМІ падтрымліваюць міф аб стабільнасці
Пінскія сродкі масавай інфармацыі ўсімі магчымымі спосабамі абмінаюць тэму эканамічнага крызісу ў Беларусі. Выглядае на тое, што ёсць нейкі загад выдаваць толькі станоўчую інфармацыю. Аднак, час ад часу праўдзівыя звесткі кропкава прабіваюцца праз глыбы пазітыву. Так, напрыклад, сёлета ў Пінску будзе праводзіцца толькі ямкавы рамонт аўтадарог (на якаснае асфальтавае пакрыццё няма грошаў); пінскія ЖЭСы перасталі наймаць сезонных рабочых на касьбу газонаў і таму газонакасілкамі кіруюць нават сантэхнікі; мясцовы аўтобусны парк на перыяд адпачынкаў скароціць рэйсы гарадскіх аўтобусаў; старшыня пінскага выканкаму загадаў прадаваць цэмент не больш за 500 кілаграм у адны рукі. Гэтая інфармацыя ўзята з пінскіх газет і тэлеканалаў. Аднак ні адно мясцовае СМІ не ўзяло на сябе смеласць зрабіць матэрыял, які б утрымлмваў аналіз падобнай інфармацыі і расказаў бы пра відавочнае – у краіне крызіс эканамічнай мадэлі, і ўлады павінны прапаноўваць рэальнае выйсце з яго, а не падртымліваць міф пра стабільнасць.
“Праваабарончая хроніка”