viasna on patreon

Уладзіміра Рамановіча пазбаўляюць бізнесу за грамадскую актыўнасць?

2011 2011-06-14T13:03:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-ramanovich-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзімір Рамановіч – арганізатар шматлікіх акцыя за стварэнне ў Віцебску інфраструктуры для ўладальнікаў ровараў – роварных дарожак і парковак. Днямі да яго звярнуўся  ўладальнік памяшкання, якое актывіст арандуе пад адзіны ў абласным цэнтры хостэл – гатэль “Джаз”. Патрабаванне было ўльтыматыўным: вызваліць памяшканне на працягу 10 дзён.

Як распавёў сам Уладзімір Рамановіч, уладальнік Сяргей Слюсар сам сказаў, што прычыны адмовы ў арэндзе – не толькі эканамічныя:

“У апошні час праз валютны крызіс  узнікалі праблемы з пратэрміноўкай выплаты арэнднай платы. Але гэтыя праблемы вырашаліся, і грошы я плаціў, хіба што пазней на нейкі тыдзень.  10 чэрвеня арэндадаўца мне паведаміў, што я мушу вызваліць памяшканне на працягу 10 дзён, і што ў яго ўжо ёсць іншы арандатар. Аднак, паводле дамовы,  пра скасаванне арэнды ўладальнік мусіў пісьмова папярэдзіць мяне за месяц, а не паведамляць пра свае рашэнне вусна”.

Паводле Уладзіміра Рамановіча, пісьмовага папярэджання  дамагчыся ўсе ж удалося: ён атрымаў яго па пошце 13 чэрвеня. Паводле дамовы, да 13 ліпеня хостэл “Джаз” можа функцыянаваць, але  такія ўмовы не задавальняюць заснавальніка хостэлу  і могуць нэгатыўна адбіцца на іміджы “беларускай культурнай сталіцы”.

“Галоўная праблема ў тым, што да 16 ліпеня ў Віцебску будзе праходзіць фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, шмат людзей ужо замовілі нумары ў хостэлы і пералічылі за гэта грошы. Таму я хацеў бы датрываць хаця б да 18-20 ліпеня. Для арэндадаўцы гэта быў бы толькі “плюс”, бо ў мяне з’яўляецца магчымасць своечасова з ім разлічыцца. Тым больш, што дамова арэнды ў нас да верасня. Аднак гаспадар робіць намёкі на тое, што яму загадалі аднекуль “зверху”, каб арэнду хутчэй скасаваць”.

Уладзімір Рамановіч -- аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. У хостэл да яго завітвалі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах ён быў назіральнікам, а раней і сам балатаваўся ў мясцовыя саветы. Апошнім часам У.Рамановіч распачаў змаганне за стварэнне ў горадзе інфраструктуры для ўладальнікаў ровараў. Першая ж  з арганізаваных ім акцый – сімвалічны прабег па Віцебску --  была разагнана супрацоўнікамі ДАІ.

“Праваабарончая хроніка”


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства