У Гомелі расце папулярнасць акцыі «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі»
Сярод падзей, якія пазначаны ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», усё больш папулярнай робіцца «Маладзёвая акцыя пратэсту ў Гомелі». На мінулым тыдні ўсяго каля 20 карыстальнікаў інтэрнэта з Гомеля выказалі падтрымку акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Цяпер аб намеры выйсці 15 чэрвеня на галоўную плошчу свайго горада адкрыта заявілі ўжо больш 80 маладзёнаў. Людзі не баяцца і пішуць аб падтрымцы акцыі, не хаваючы свае імёны.
Нагадаем, у мінулую сераду на плошчы Леніна ў Гомелі сабралося каля 150 чалавек, нягледзячы на тое, што ў інтэрнэце жаданне ўдзельнічаць у маўклівым пратэсце пацвярджалі толькі два дзясяткі маладых людзей. А зараз некаторыя пішуць аб тым, што прыйдуць на плошчу нават з бацькамі, усёй сям'ёй.
Тым часам, да абмеркавання акцыі далучыліся тыя, хто можа з'яўляцца правакатарамі. Невядомыя спрабуюць увесці ў зман і паўплываць на змену агульнай канцэпцыі акцыі. Некаторыя адгаворваюць удзельнічаць у сустрэчы, палохаючы, што гэта можа быць небяспечна, акцыю будзе разганяць міліцыя. Дзіўным чынам змяняецца час акцыі. Пішуць, што Беларусі не патрэбны «каляровыя рэвалюцыі» і гэтак далей.
А іншыя спрабуюць уносіць канструктыўныя прапановы. Паколькі на плошчы Леніна ў Гомелі няма сметніц, а шмат хто з удзельнікаў мінулай сустрэчы паліць, дамовіліся не выкідваць акуркі пад ногі, каб не пакідаць пасля сябе плошчу непрыгожай. Ідэю адыйсці трохі ўбок да ўвахода ў парк, каб выкінуць акуркі у сметніцу, маладзёны падтрымалі.
“Праваабарончая хроніка”