На Усходніх могілках Менску ўшанавалі памяць Васіля Быкава
З нагоды 82-угодкаў нараджэньня Васіля Быкава каля магілы пісьменьніка на Усходніх могілках адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам вядомых беларускіх літаратараў, грамадзкіх дзеячоў, сваякоў і прыхільнікаў ягонай творчасьці.
Ускласьці кветкі, запаліць сьвечкі і прамовіць словы памяці прыйшлі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі і многія іншыя. Падчас кароткіх прамоваў удзельнікі імпрэзы ўзгадвалі якую вялікую ролю чалавека й пісьменьніка ў гісторыі беларускага народа меў і мае Васіль Быкаў.
"Праўда і Свабода – тыя жыцьцёвыя каштоўнасьці, якія сваім жыцьцём і сваёй творчасьцю сьцьвярджаў Васіль Быкаў. І каб знайсьці сваю свабоду, беларусам найперш патрэбна прачытаць Быкава," – сказаў у сваёй прамове паэт Генадзь Бураўкін.
Цягам дня да магілы пісьменьніка ішлі людзі. Яны ўскладвалі бел-чырвона-белыя кветкі і стужкі з прышпіленымі значкамі “За свабоду”, паведаміла Радыё Свабода.
Імпрэзы ў памяць Васіля Быкава ў Беларусі адбываліся паводле ініцыятывы саміх яе удзельнікаў, дзяржаўныя ўлады да ўшанаваньня памяці народнага пісьменьніка не спрычыніліся.