viasna on patreon

У Жлобіне пакараны арыштам Валер Рыбчанка

2011 2011-11-01T09:39:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

31 кастрычніка ў Жлобіне пакараны 14 суткамі адміністрацыйнага арышту старшыня аргкамітэту правядзеньня Народнага сходу, кіраўнік мясцовай арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Валер Рыбчанка.

Судзьдзя раённага суду Мікалай Бакуноў вынес гэткую пастанову, нягледзячы на пададзеныя Рыбчанкам пратаколы паседжаньня аргкамітэту, зь якіх бачна, што сход у Жлобіне 8 кастрычніка ладзіўся ў межах закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Маючы ў справе пратаколы, судзьдзя, аднак, прызнаў Рыбчанку вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Прысутны на судзе былы дэпутат Вярхоўнага Савету Марат Афанасьеў заўважыў, што сьведкі зь ліку міліцыянтаў блыталіся і досыць часта называлі сход 8 кастрычніка менавіта "сходам", а не забароненым масавым мерапрыемствам, як пазначана ў міліцэйскім пратаколе.

Сам Валер Рыбчанка перад вынясеньнем выраку заявіў, што ўлады перасьледуюць арганізатараў народных сходаў з тае прычыны, што "апасаюцца масавых запытаньняў пра набалелыя праблемы — імклівы рост цэнаў на прадукты харчаваньня, прамысловыя вырабы, паліва, камунальныя паслугі. Арыштамі й штрафамі ўлады спрабуюць пасеяць страх у грамадзтве і такім чынам прадухіліць сапраўды масавыя выступленьні ў абарону годнага жыцьця".

З суду Валера Рыбчанку забралі двое міліцыянтаў, каб везьці яго ў Гомель у ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён мусіць правесьці за кратамі наступныя два тыдні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства