viasna on patreon

Суд адмовіў мазырскаму праваабаронцу ў праве на свабоду мірных сходаў

2011 2011-11-15T22:47:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cieliapun-stadyjon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Целяпун планаваў пікет на стадыёне “Спартак”

Уладзімір Целяпун планаваў пікет на стадыёне “Спартак”

19 кастрычніка мазырскі праваабаронца Ўладзімір Целяпун звярнуўся ў суд Мазырскага раёна са скаргай на дзеянні Мазырскага райвыкакама па забароне пікета ў падтрымку кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Андрэя Санікава, Мікалая Статкевіча, лідараў “Маладога фронта” Змітра Дашкевіча і “Еўрапейскай Беларусі”  Дзмітрыя Бандарэнкі, ўсіх рэпрасаваных па палітычным поглядам і перакананням Беларусі.

Першае падрыхтоўчае паседжанне Мазырскага райсуду адбылося 9 лістапада. Суддзя – намеснік старшыні суда Мазырскага раёна Загароўская Валянціна. На судзе прысутнічалі грамадскія актывісты Мазыра. Пасля выступаў заяўніка Уладзіміра Целяпуна і прадстаўніка райвыканкама, галоўнага спецыяліста, юрыста юрыдычнага аддзела райвыканкама Наталлі Рэберт была прызначана дата разгляду - 14 лістапада.

Перад тым, як была абвешчана дата паседжання суда, Ўладзімір Целяпун заявіў хадайніцтва аб запрашэнні ў суд у якасці сведак намесніка старшыні райвыканкама Галюка Ф.Ф., начальніка ідэалагічнага аддзела Ганчарэнка Т.М.,начальніка Мазырскага РАУС П. С. Зыкуна, Генеральнага дырэктара КУП ““Мазырскі райжылкамунгас” Раманоўскага Э.А., дырэктара СДЮШАР №1 Кавалевіч С.М.

Суддзя задаволіла хадайніцтвы праваабаронцы.

14 лістапада адбылося адкрытае паседжанне суду.

Што здзівіла сп. Целяпуна - у суд з’явіліся ўсе запрошаныя сведкі. Праўда, праз пэўны час з судовай залі сыйшоў Пятро Зыкун, начальнік Мазырскага РАУС, але застаўся яго намеснік Цімошчанка М.В.( Заместитель начальника РОВД по идеологической работе и кадровому обеспечению Тимощенко Михаил Васильевич).

Змяніўся і прадстаўнік райвыканкама ў судзе. Галоўнага спецыяліста – юрыста Наталлю Репер, якая не магла адказаць на некаторыя пытанні заяўніка, замяніў яе начальнік аддзела Гарбуноў.

Асноўным аргументам па адмове пікетаў праваабаронцу зацікаўленая асоба Фелікс Галюк, намеснік старшыні райвыканкама, назваў тое, што ў гэты час на стадыёне “Спартак” праводзіліся заняткі навучэнцаў “Спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву №1”, былі прадастаўленыя графікі трэніровак.

Між тым, заняткі на 8 кастрычніка былі адкарэктаваныя і змененыя, бо напачатку, за 5 дзён, У. Целяпуну быў дадзены адказ, што райвыканкам не пярэчыць правядзенню масавага мерапрыемства. Аднак за суткі да прызначанай даты нібыта даведаліся пра зменену графіка і праваабаронцу наўпрост дадому 7 кастрычніка ў 8-30 раніцы ўжо прывезлі паперу аб забароне правядзення пікетавання 8 кастрычніка. Пры гэтым інфармацыю па забароне пікетавання Мазырскі райвыканкам паспеў давесці да Генеральнай пракуратуры, а тая ў сваю чаргу праз пракуратуру Мазырскага раёна ў 10-00 ўручыла Ўладзіміру Целяпуну афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона.

"Вось такая аператыўнасць! Так бы прымаць рашэнні па выкананню правоў і свабодаў грамадзян, гарантаваных ім Канстытуцыяй краіны! Аднак у гэтым канктрэтным выпадку мазырская вертыкаль “вправе…,  но не обязаны…” выконваць Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь!" - тлумачыць заяўнік.

Да таго ж, Мазырскі райвыканкам пайшоў на прыняцце новага рашэння “Аб масавых мерапрыемствах” №1202 ад 15.09.2011 года, адмяніўшы папярэдняе №506 ад 22 красавіка 2008 г. № 506 «Аб вызначэнні сталых месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2008 г., № 218, 9/17100).

Рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах” №1202 ад 15.09.2011 года атрымала рэгістрацыю як нарматыўна-прававы акт 12.11.2011 года. На 15 лістапада ў мясцовай газеце, органе Мазырскага райвыканкама і райсавета яно яшчэ не было апублікавана. На сайце Мазырскага райвыканкама з’явілася 14.11.2011 года з датай 15.02.2011.

Новае рашэнне дапоўнена тым, што заяўнік масавага мерапрыемства, павінен заключыць дамовы з РАУС, паліклінікай, райжылкамунгасам па адпаведных кожнай структуры платных паслугах. Між тым, у самім рашэнні адсутнічае спасылка на парадак аплаты расходаў за гэтыя паслугі, што прадугледжана арт. 6 закона ”Аб масавых мерапрыемствах” і рекамендацыяй вышэйстаячага органа Гомельскага аблвыканкама распрацаваць Мазырскаму райвыканкаму такое рашэнне.

Нават начальнік Мазырскага РАУС, член райвыканкама Пятро Зыкун у сваім адказе на заяву праваабаронцы Ўладзіміра Целяпуна заключыць такую дамову падкрэсліў, што не можа гэтага зрабіць, бо адсутнічае рашэнне аб парадку аплаты расходаў. І яго намеснік М. Цімошчанка, запрошаны ў якасці сведкі, у судзе заявіў: "Мы не можам заключыць дамовы, пакуль не будзе дадзены дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства. Павінны быць пазначаны дата, час, месца правядзення, колькасць ўдзельнікаў".

"Такім чынам атрымліваецца зачараванае кола: каб атрымаць дазвол – трэба заключыць дамовы і прадаставіць іх у райвыканкам, а каб заключыць дамову са структурай райвыканкама РАУС – трэба мець дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства! - каментуе У. Целяпун. - Таксама мне і суду не быў прадастаўлены журнал рэгістрацыі прынятых рашэнняў райвыканкама, аб якім на падрыхтоўчым паседжанні я прасіў і дасылаў заяву, каб гэты журнал быў прадэманставаны падчас паседжання. Аднак, менавіта ў гэты час ён аказаўся тэрмінова патрэбны для нейкіх вельмі важных запісаў".

Патрабаванне да праваабаронцы аб заключэнні дамоваў па рашэнні, якое на час заяўкі масавага мерапрыемства яшчэ не дзейнічала, з’яўляецца наўмыснай перашкодай мазырскіх ўладаў па выкананню правоў і свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй краіны, лічыць сп. Целяпун.

Пастанова суду была агалошана раніцай 15 лістапада: суд не задаволіў скаргу мазырскага праваабаронцы Ўладзіміра Целяпуна аб забароне правядзення масавых мерапрыемстваў да мазырскага райвыканкама.

Уладзімір Целяпун не збіраецца апускаць рукі і будзе адстойваць свае правы ў вышэйстаячых інстанцыях.

 

Мазырская праваабарончая хроніка

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства