"Я замежнік і калісьці сустракаўся з Бяляцкім"
“Наша Ніва” сёння апублікавала ліст з рэдакцыйнай пошты, атрыманы ад Андрэ з Вялікабрытаніі. Сябры “Вясны” ўзгадалі сваю сустрэчу з гэтым маладым чалавекам і выказваюць яму сваю шчырую падзяку за падтрымку.
Вось што піша Андрэ (“НН” захавала стылістыку арыгінала):
“Я замежнік і калісьці сустрэўся з Алесем Бяляцкім. Я хачу выразіць свой сум і сваё абурэнне пасля прысуду. Я жыў у Беларусі і настолькі любіў вашу краіну, што беларускую мову вывучаў. За свабоду ў Беларусі заўсёды выступаю, калі ў маёй краіне з’яўляецца магчымасць.
Калі я быў у Менску, мяне аднойчы затрымалі спецназы. Я быў не на тым месцы, можна так сказаць… Мяне хутка адпусцілі, аднак я быў шакаваны, як міліцыя паводзіць сябе.
Мне было вядома, што такія паводзіны з’яўляюцца нормай, але заўсёды горш, калі ты сам аказваешся ахвярай. Мне радзілі, каб я звярнуўся да цэнтра «Вясна». Там я знайшоў людзей, якія былі гатовы мне парадзіць і дапамагчы падаць скаргу ў пракуратуру. Сустрэў там інтэлігентных і мужных людзей, якія веряць у сваю справу і не баяцца змагацца.
Падчас іншага наведвання «Вясны» я змог пагутарыць з Алесем. Тады быў студзень і рэпрэсіі былі штодзённымі. Таму ён мяне вельмі ўражваў сваімі спакоем і перакананасцю.
Я не добра яго ведаю, але я ведаю, што наступныя гады ён правядзе за кратамі, таму што хацеў працягваць працаваць праваабаронцам. Ён хацеў далей дзейнічаць нават пасля таго, як рэжым зрабіў усё, каб працаваць законна было яму немагчыма. Для мяне, Алесь — сучасны партызан, адзін з найлепшых беларусаў. Хачу яму жадаць яшчэ больш мужнасці, і жадаю ўсім беларусам, каб ім вярнулі гэтага вялікага змагара.
Жыве Беларусь!”