Працяг суду над Алесем Галаванем - 15 сьнежня
5 сьнежня ў Першамайскім райсудзе Віцебску распачаўся суд над Алесем Галаванем. Актывіста “Маладой Беларусі”, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча на леташніх выбарах затрымалі напярэдадні ўвечары, калі ён проста ішоў па горадзе. Нехта зь міліцыянтаў, што патрулявалі вуліцы, пазнаў у ім вядомага ў Віцебску грамадзка-палітычнага актывіста. Спадара Галаваня схапілі, склалі пратакол нібыта за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Ноч Алесь правёў у міліцэйскім пастарунку.
Напачатку судовага паседжаньня Алесь Галавань заявіў адвод судзьдзі. Прычына заяўленага недаверу - судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна раней неаднаразова ўжо судзіла Алеся Галаваня і ягоных паплечнікаў і заўсёды выносіла абвінаваўчыя пастановы, якія, на думку актывіста, зьяўляліся несправядлівымі. Судзьдзя Кісьмярошкіна адхіліла заяўлены адвод. Судовы працэс працягнуўся.
Алесь Галавань заявіў суду два хадайніцтвы. Па-першае, ён папрасіў даць яму дадаковы час, каб заключыць дамову з адвакатам. Па-другое, было выказанае патрабаваньне прыцягнуць да суду перакладчыка на беларускую мову, бо абвінавачаны паводле адміністрацыйнага артыкулу не зусім добра валодае расейскай. Судзьдзя Кісьмярошкіна задаволіла гэтыя хадайніцтвы і перанесла далейшае разьбіральніцтва на 15 сьнежня.