Судовы канвеер працуе нястомна
Сёньня, 12 студзеня, у Віцебску будуць разглядаць адміністрацыйную справу Сяргея Каваленкі. Яго вінавацяць у лаянцы. Зараз ён знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА і тры тыдні трымае галадоўку. Справу разгледзіць Першамайскі суд Віцебска. Пачатак у 10-30.
У Менску ў судзе Першамайскага раёна прадоўжыцца разгляд скаргі Уладзіміра Марозава на адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія без аніякіх падстаў ледзьве не задушылі хворага на цукровы дыябет інваліда. Пачатак суду прызначаны на 9-45.
А ў Адміністрацыі Маскоўскага раёна Камісія па справах непаўнагадовых разгледзіць адміністрацыйную справа актывіста Ўладзіслава Лобава, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля будынку Белтэлерадыёкампаніі 3 сьнежня мінулага года. Пачатак у 15-30.
Былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча сёньня будуць судзіць у Шклоўскай калоніі. З-за парушэньняў турэмнага рэжыму яму пагражае змяненьне ўмоў утрыманьня на больш жорсткія – перавод ў крытую турму.