У Брэсцкім цэнтры занятасці прапануюць працу, якая аплочваецца меней за мінімальны заробак
У прыватнасці, сярод прапаноў аб працаўладкаванні змешчана аб’ява для патэнцыйнага настаўніка пачатковых класаў, заробак якога складзе 800 тысяч рублёў. А Брэсцкай абласной бальніцы патрабуюцца 45 чалавек малодшага медычнага персаналу з акладам 600 тысяч рублёў.
Нягледзчы на тое, што згодна з пастановай беларускага урада №1666 ад 9 снежня 2011 года, мінімальны заробак у краіне з 1 студзеня 2012 года ўсталяваны ў памеры 1 мільёна рублёў, у Брэсцкім цэнтры занятасці шмат прапаноў, якія не адпавядаюць гэтаму дакументу. Гэтак жа невысока, як настаўнікаў і работнікаў сістэмы аховы здароўя, ацэньваецца не толькі некваліфікаваная праца, але і пасада начальніка радыёстанцыі ў адной з вайсковых частак (калі верыць аб’яве цэнтра занятасці, ягоны заробак складзе 780 тысячаў рублёў). Шмат вакансіяў ёсць у камунальных службаў, бо дворнікам прапануюць заробак, які дакладна адпавядвае мінімальнаму заробку – адзін мільён рублёў.
Варта зазначыць, што ўсе гэтыя прапановы тычацца гарадскіх устаноў Брэста, а вось у сельскай мясцовасці існуе шмат прыкладаў, калі рэальны заробак нават не набліжаецца да ўсталяванага мінімальнага.