Гомельскія праваабаронцы склалі дапаможнік па пытаннях прававых калізій у адміністрацыйным заканадаўстве
Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы выдаў дапаможнік па пытаннях прававых калізій адміністрацыйнага заканадаўства, якія прыводзяць на практыцы да парушэння права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.
Галоўная ідэя выдання, якую праваабаронцы даносяць да грамадзян: «Агульным правілам з'яўляецца знаходжанне чалавека на свабодзе, утрыманне пад вартай павінна лічыцца выключэннем з гэтага правіла».
Праваабаронцы Леанід Судаленка і Васіль Палякоў (на фота) выкладаюць у дапаможніку дзеючыя міжнародна-прававыя стандарты ў адносінах права кожнага на свабоду і недатыкальнасць асобы, механізмы па абароне правоў, параўноўваюць міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства.
«Склалася практыка, што нават пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі ўстановяць асобу затрыманага, пераканаюцца ў тым, што грамадзянін мае сталае месца жыхарства, складуць пратакол аб правапарушэнні, тым не менш, затрыманага змяшчаюць да суду ў ІЧУ. Асабліва актыўна такія меры прымяняюцца да грамадскіх і палітычных актывістаў, затрыманых па падазрэнні ў здзяйсненні таго ці іншага правапарушэння, за якое ў якасці адказнасці прадугледжаны адміністрацыйны арышт. У выніку, складаецца сітуацыя, калі напрыклад, той ці іншай актывіст, што адседзеў да трох сутак у ізалятары толькі па суб'ектыўным меркаванні супрацоўніка міліцыі, пасля ў судзе ў якасці спагнання атрымлівае штраф, а вось пытанне яго фактычнага пазасудовага арышту застаецца нявырашаным», - тлумачыць Леанід Судаленка.
Яго калега Васіль Палякоў дадае, што пазасудовы арышт альбо адміністрацыйнае затрыманне заўсёды павінны з'яўляцца разумнымі і неабходнымі ў канкрэтных абставінах, і акрамя таго з'яўляцца сумяшчальнымі па адносінах к павазе права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, на прэзумпцыю невінаватасці. Адміністрацыйнае затрыманне можа лічыцца абгрунтаваным толькі тады, калі адпаведная асоба ўяўляе сабой яўную і сур'ёзную пагрозу грамадству, ступень якой немагчыма знізіць якім-небудзь іншым чынам.
Новы дапаможнік, на думку яго аўтараў - першы крок да ліквідацыі існуючых прававых калізій, а таксама змянення сітуацыі ў адміністрацыйнай практыцы, якая вядзе да парушэння права на свабоду і асабістую недатыкальнасць грамадзян.