Cупрацоўнікі "Беларускай энцыклапедыі" дамагаюцца адмены рашэньня пра перавод выдавецтва на ўскраек гораду
Будынак на вуліцы Акадэмічнай, дзе месьціцца выдавецтва "Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі", ужо перадалі на баланс Менскага Гаспадарчага суду, а выдавецтву прапанавалі пераехаць у шматпавярховы будынак на ўскрайку гораду на вуліцы Сьцебянёва недалёка ад кальцавой дарогі.
Ягоныя прадстаўнікі накіравалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі ды ў іншыя ўладныя ўстановы з просьбай пакінуць будынак за выдавецтвам і спадзяюцца на станоўчае вырашэньне пытаньня. У выдавецтве стварылася ініцыятыўная група.
Супрацоўнікі выдавецтва першапачаткова пагадзіліся распавесьці пра сітуацыю вакол пераезду выдавецтва, аднак потым, спаслаўшыся на распараджэньне начальства, адмовіліся ад размовы з Радыё Свабода.
Актывістка ініцыятыўнай групы, галоўная бугалтарка Вікторыя Старадумава так патлумачыла адмову: "Асноўная мэта дзейнасьці выдавецтва зьберагаць і, калі магчыма, памнажаць духоўную і культурную спадчыну. Мы ня хочам улазіць у палітыку. Пакуль мы спадзяемся, што ўсё вырашыцца для нас станоўча, і таму ніякай інфармацыі даваць ня будзем".
Нагадаем, што сёлета ў сакавіку "Беларуская энцыкляпэдыя" атрымала распараджэньне кіраўніка Беларусі аб бязвыплатнай перадачы будынку Гаспадарчаму суду. Праз кароткі тэрмін выйшла новае распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі даць сродкі на рэканструкцыю будынку па вуліцы Акадэмічнай.
Як перадае агенцтва БелаПАН, у выдавецтве пачаўся адток кадраў. Толькі з 22 чэрвеня звольніўся з працы ў "Беларускай энцыкляпэдыі" кожны чацьверты супрацоўнік, а ў выпадку, калі выдавецтва ўсё ж перавядуць у новы будынак па вуліцы Сьцебянёва, кожны другі сьпецыяліст думае пакінуць прадпрыемства. Члены ініцыятыўнай групы лічаць, што перасяленьне ў аддалены раён зьнішчыць выдавецтва.
З цэнтру гораду апошнім часам выціснутыя многія ўстановы, якія працавалі дзеля нацыянальнай культуры. Напрыклад, будынак, дзе раней месьціўся Коласаўскі ліцэй, цяпер належыць суду Цэнтральнага раёну Менску. Нядаўна з Дому літаратара выселілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Адрозна ад "Беларускай энцыкляпэдыі", пісьменьнікам не прапанавалі новага памяшканьня.