Пацярпелыя за сьцяг “МФ” будуць скардзіцца на паліцыю
“Маладафронтаўцы” Міхась Мускі і Раман Васільеў, затрыманыя 3 сакавіка ў Смаленску пад час канцэрту “Ляпіса Трубяцкога”, будуць скардзіцца на дзеяньні мясцовай паліцыі ў пракуратуру горада. Выходзячы з губернскага клуба, дзе адбываўся канцэрт, яны разгарнулі сьцяг “Маладога фронту”.
Супрацоўнікі паліцыі, без тлумачэньня прычыны затрыманьня, з выкарыстаньнем гвалту адцягнулі юнакоў за вугал, дзе спрабавалі адабраць сьцяг. Затым Міхася Мускага груба кінулі за краты ў паліцэйскі УАЗік. Тут ён даведаўся, што сцяг “МФ” паліцэйскія палічылі за фашыстоўскую сімволіку. Праз некаторы час, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя, юнакоў урэшце адпусьцілі. Сцяг быў канфіскаваны, пратаколаў не складалася.
Цікава, што на самім канцэрце было шмат нацыянальных сцягоў і гэта паліцэйскіх не бянтэжыла. Па розных ацэнках, у Смаленск на “Ляпіса Трубяцкога” прыехала больш за 400 беларусаў.
“Маладафронтаўцы” з прыкрасьцю адзначаюць, што паліцэйскія, не разабраўшыся ў сімволіцы, дзейнічалі вельмі жорстка і цалкам сапсавалі ўражаньне ад добрага канцэрту.