Суд апраўдаў Святлану Задзядзюрыну
Студэнтку фізічнага факультэта БДУ, што была затрыманая 19
снежня 2011 года падчас акцыі салідарнасці з палітвязнямі і атрымала
штраф, апраўдаў суд Партызанскага раёна Мінска.
Гісторыя Святланы Задзядзюрынай нагадвае безліч выпадкаў, якія мелі
месца падчас летніх «маўклівых акцый» — тады досыць часта затрымлівалі
выпадковых мінакоў. Паводле слоў Святланы, увечары 19 снежня яна
вярталася дадому з вучобы і нават не здагадвалася, што перад касцёлам
святых Сымона і Алены адбываецца несанкцыянаваная акцыя.
Калі Святлана ішла каля касцёла, на яе ледзь не наехаў сіні мікрааўтобус
без нумароў, з яго раптам выйшлі двое невядомых людзей і зацягнулі яе
ўнутр. Потым Святлану адвезлі ў Маскоўскі РАУС, дзе на яе склалі
адміністратыўны пратакол, згодна з якім яе абвінавацілі ва ўдзеле ў
несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ноч яна правяла на Акрэсціна, а
на наступны дзень суддзя Абрамовіч суда Партызанскага раёна Мінска
прысудзіла ёй штраф у памеры 25 базавых велічынь.
Але дзяўчына вырашыла змагацца з несправядлівасцю і падала касацыйную
скаргу на прысуд. Яе разглядаў суддзя Мінскага гарадскога суда Уладзімір
Карноў, які адносна нядаўна быў унесены ў «чорны спіс» Еўрасаюза. На
дзіва, суддзя пастанавіў адправіць справу на перагляд у суд
Партызанскага раёна.
У судзе Партызанскага раёна Мінска справу нанова разглядала суддзя
Мар’яна Валчкова. З боку Святланы Задзядзюрынай на судзе сведчылі яе
бацька Яўген Задзядзюрын і прафесар фізічнага факультэта БДУ Аляксандр
Гарбацэвіч. Менавіта прафесар Гарбацэвіч пацвердзіў, што 19 снежня
Святлана знаходзілася на занятках да 19.20 і прыкладна ў 19.30 толькі
падыходзіла да касцёла.
Паводле пратакола, складзенага міліцыянтамі, у гэты самы час яна
здзяйсняла адміністрацыйнае правапарушэнне. Але, па словах Святланы, у
гэты час яна размаўляла па тэлефоне са сваёй маці, і прымаць удзел у
акцыі, а тым больш выкрыкваць лозунгі не магла. На судзе дадзены факт
быў пацверджаны раздрукоўкай тэлефонных размоў, якую суд запатрабаваў у
мабільнага аператара, якім карыстаецца Святлана і яе маці. На думку
Святланы, менавіта гэты факт забяспечыў ёй алібі і дапамог дамагчыся
апраўдальнага вердыкту. Акрамя гэтага падчас судовага пасяджэння
высветлілася, што міліцыянты ўносілі змены ў пратакол аб
адміністратыўным правапарушэнні пасля таго, як выдалі копію Святлане.
Рашэнне суда, згодна з якім Святлана Задзядзюрына была прызнаная
невінаватай, было вынесена 12 сакавіка і ўступіць у законную сілу праз
10 дзён. Да ўступлення ў законную сілу яно можа быць апратэставана
пракурорам.