Генпракуратура: зняволеныя маюць права паведамляць аб стане свайго здароўя і ўмовах утрымання
Зняволеныя маюць права паведамляць сваякам і адвакатам аб стане свайго здароўя і ўмовах утрымання. Гэта вынікае з адказу Генеральнай пракуратуры Беларусі на запыт РГА «Беларускі Хельсінскі камітэт», тэкст якога размешчаны на сайце БХК.
Падставай для звароту праваабаронцаў у Генпракуратуру стала інфармацыя пра тое, што асуджанаму экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву, які ўтрымліваецца ў калоніі «Віцьба-3», забараняюць падчас спатканняў паведамляць аб умовах утрымання і стане здароўя.
У прыватнасці, у канцы сакавіка з Саннікавым сустракаўся адвакат, але, нягледзячы на гэта, ніякай інфармацыі пра яго здароўе і ўмовы яго ўтрымання ў сваякоў няма. Паводле слоў жонкі палітыка Ірыны Халіп, яму забаранілі гаварыць на гэтыя тэмы з адвакатам пад пагрозай неадкладнага спынення сустрэчы.
Варта зазначыць, што гэта не адзіны такі выпадак. Раней у такой жа сітуацыі аказваліся і іншыя зняволеныя палітыкі і грамадскія актывісты.
На падставе гэтага БХК адправіў у Генпракуратуру запыт, у якім прасіў адказаць: ці ўстаноўлены ў заканадаўстве абмежаванні на распаўсюджванне інфармацыі пра стан здароўя і ўмовы ўтрымання для асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
У адказе дэпартамента выканання пакаранняў МУС за подпісам часовага выканаўцы абавязкі начальніка Сяргея Працэнкі сказана:
«Асуджаныя маюць магчымасць самастойна паведаміць каму-небудзь аб стане свайго здароўя ці ўмовах утрымання. У выпадку парушэння іх правоў яны маюць права і магчымасць звярнуцца з заявай або скаргай у вышэйшую інстанцыю».
Каментуючы атрыманы адказ, старшыня БХК Алег Гулак
падкрэсліў: «Мы б рэкамендавалі ўсім зацікаўленым асобам — самім
зняволеным, іх сваякам, адвакатам — пра гэта памятаць і спасылацца
на гэтыя нормы ў выпадку, калі якія-небудзь чыноўнікі
перашкаджаюць распаўсюджванню такой інфармацыі. Гэта парушэнне можа быць
абскарджана, і мы гатовы аказаць у гэтым дапамогу. Перадача звестак
аб парушэнні правоў зняволеных, стане іх здароўя, у тым ліку,
не можа быць абмежавана і пры перапісцы — яны не ўваходзяць
у вычарпальны пералік падстаў для забароны перадачы карэспандэнцыі».