Мікашэвічы: Плануецца мітынг у падтрымку незалежнага прафсаюза на “Граніце”
Актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза падалі ў Мікашэвіцкі гарвыканкам заяўку на правядзенне 1 траўня мітынгу – яны спрабуюць дамагчыся прызнання новастворанай прафсаюзнай суполкі на рэспубліканскім прадпрыемстве “Граніт”.
Заяўка на мітынг пададзена ад імя старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалая Зіміна і кіраўніка прафсаюзнай суполкі на “Граніце” Алега Стахаевіча. Мяркуецца, што ў акцыі, калі яна будзе дазволена, возьмуць ўдзел каля тысячы чалавек.
Нягледзячы на тое, што незалежная прафсаюзная суполка створана на “Граніце” ў Мікашэвічах яшчэ напрыканцы мінулага года, адміністрацыя прадпрыемства дагэтуль адмаўляецца прадставіць юрыдычны адрас, што замінае паўнавартаснай рэгістрацыі суполкі. Больш за тое, актывістаў прафсаюза спрабуюць запалохаць, а кіраўніка суполкі Алега Стахаевіча без сур’ёзных падставаў звольнілі з працы.