Сяброўку Вячаслава Дыянава аштрафавалі
Суд Маскоўскага раёну Менска асудзіў затрыманых ўчора ва ўласнай кватэры Маргарыту Лавышык і Крысьціну Кулейка на 15 базавых велічыняў (1,5 мільёны рублёў) кожную па артыкуле 17.1 КаАП РБ (“Дробнае хуліганства”). Справу Маргарыты Лавышык разглядала суддзя Тацяна Мотыль, справу Крысьціны Кулейкі - суддзя Юрый Сезень.
Учора, калі Маргарыта Лавышык размаўляла па скайпе з каардынатарам “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” Вячаславам Дыянавым, да яе дадому ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі. Маргарыту Лавышык і Крысьціну Кулейку, якая жыве з ёй у адной кватэры, затрымалі і адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.
Маргарыта Лавышык – сяброўка Вячаслава Дыянава. Са словаў прадстаўнікоў кампаніі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, дзяўчына не прымала ўдзел у працы кампаніі.