Начальнік Мазырскай міліцыі забараняў праваабаронцу здымаць афіцыйны мітынг-рэквіем
26 красавіка ў Мазыры ля капліцы памяці Ахвярам Чарнобыльскай катастрофы адбыўся штогадовы мітынг-рэквіем.
Абвестак аб мерапрыемстве на сайтах райвыканкама і раённай газеты “Жыццё Палесся” заўважана не было. Аднак усё адбылося як заўжды – прывялі дзяцей, па разнарадцы запрошаны актывісты ветэранскіх арганізацыяў і іншых установаў. Выступілі - ад кіраўнікоў горада старшыня Мазырскага райсавета Сяргей Гвоздзь, ад праваслаўнай Царквы Ўладыка Стэфан, епіскап Тураўскі і Мазырскі (чамусьці ад іншых канфесіяў перасталі запрашаць), ад ліквідатараў аварыі на ЧАЭС заўсёды выступае былы кіраўнік Мазырскага МЧС Анатоль Гапоненка.
Адбыліся і непрыемныя моманты ў працэсе правядзення гэтай жалобнай цырымоніі.
З аднаго боку пляцоўкі быў выстаўлены ланцуг з дзяцей кадэтскага класа адной з гімназіяў горада. Апранутыя ў чорную уніформу, зашпіленыя на ўсе гузікі дзеці 10-12 гадоў павінны былі прастаяць па камандзе “Смірна!” увесь час цырымоніі. А гэта каля 2-х гадзінаў. І пад час доўгіх прамоў чынавенства, некаторыя з дзетак (5-6 чалавек) пачалі страчваць прытомнасць. Асабліва пацярпеў адзін з хлапчукоў, так і ўпаў тварам на асфальт, разбіўшы ў кроў сківіцу.
Каго з дзяцей забрала хуткая дапамога, каго адвялі ў дзіцячую музычную школу, якая месцілася побач і там аказалі дапамогу.
Не ўтрымаўся і начальнік Мазырскага РАУС Пятро Зыкун. Пасля ускладання кветак да капліцы ён падыйшоў да праваабаронцы, ліквідатара Ўладзіміра Целяпуна і зрабіў заўвагу каб ён не рабіў здымкаў сваім фотаапаратам і не круціў па баках галавой, нібыта наважыўся на нешта кепскае … Але што дрэннага сваімі дзеяннямі рабіў У. Целяпун, фатаграфуючы калегаў-ліквідатараў, якіх штогод становіцца ўсё меней, начальнік РАУС так дакладна і не патлумачыў… А настрой ліквідатару ў гэты дзень агульнага смутку – сапсаваў.