viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Красавік 2012 году

2012 2012-05-07T07:11:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Красавік адзначыўся першымі крокамі ў накірунку дэаскалацыі палітычнага канфлікту паміж беларускімі ўладамі і Еўрапейскім Саюзам, у выніку якога былі адпушчаны на волю двое палітычных зняволеных – экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і ягоная давераная асоба Дзмітрый Бандарэнка (14 і 15 красавіка адпаведна). У адказ на гэты крок ЕС адмовіўся ад прыняцця далейшых санкцый у адносінах да Беларусі, адначасова падкрэсліўшы на паседжанні 23 красавіка пра неабходнасць вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Яшчэ адзін са знакаў пачатку палітычнага пацяплення ў адносінах Еўрасаюза і беларускіх уладаў і паступовага ўзнаўлення дыялогу – вяртанне  ў канцы красавіка амбасадараў краін ЕС, якія пакінулі Беларусь у канцы лютага ў знак салідарнасці з кіраўніком прадстаўніцтва Еўракамісіі Майрай Морай і амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам, якім беларускі МЗС прапанаваў выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб «давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый».

 

Разам з тым, афіцыйны Мінск заняў пазіцыю адмаўлення таго, што вызваленне А. Саннікава і Д. Бандарэнкі адбылося у выніку палітычнага ціску з боку ЕС. 21 красавіка, выступаючы перад журналістамі на суботніку ў Мінску, А. Лукашэнка заявіў: “Не напісалі б прашэння аб памілаванні – сядзелі б да гэтага часу, і тыя, хто там застаўся і не напісаў гэтага звароту на імя прэзідэнта, будуць сядзець”. Адначасова кіраўнік дзяржавы не выключыў, што бліжэйшым часам можа быць абвешчана амністыя, назваўшы прыкладны тэрмін: да Дня Незалежнасці (3 ліпеня), растлумачыўшы гэты намер наступным чынам: “А то бандзюг выпусцілі, а нармальныя людзі за кратамі пакутуюць”. Дадзеная заява А. Лукашэнкі акрэсліла не толькі прыкладную дату, але і прававы механізм, які можа быць выкарыстаны для вызвалення палітычных вязняў.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей таксама катэгарычна адмаўляў, што на рашэнне аб вызваленні палітвязняў паўплывала цвёрдая і паслядоўная пазіцыя ЕС. 17 красавіка ён заявіў: “Ніякага вызвалення пад ціскам не будзе… Кажуць, што засталося паўтары ці два дзясяткі нейкіх палітычных зняволеных, якія, цытую, “неабходна неадкладна вызваліць, неадкладна рэабілітаваць”. У гэты спіс уключылі нават радыкальных рэвалюцыянераў-анархістаў, якія закідвалі расійскую амбасаду бутэлькамі з запальнай сумессю, кактэлямі Молатава. Па інтэрпрэтацыі Еўрасаюза, заўтра гэты спіс можа разрасціся і да 50-60 чалавек”.

 

Дадзеныя заявы вышэйшага кіраўніцтва краіны пакідаюць спадзяванне, што пасля сямімесячная паўзы, якая ўсталявалася з часу “апошняй хвалі” вызвалення палітычных вязняў (верасень 2011 года), гэты працэс будзе ўзноўлены. Што датычыць персанальнага спісу палітычных зняволеных, Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойвае на безумоўным вызваленні 10 асобаў: Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Алеся Бяляцкага, Сяргея Каваленкі, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча; у адносінах Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Паўла Сырамалотава – патрабуе перагляду справаў справядлівым судом і вынясення прапарцыйных пакаранняў здзейсненаму імі правапарушэнню.

 

На працягу месяца адбывалася замацаванне тэндэнцыі да абмежавання грамадскай і палітычнай актыўнасці палітычных апанентаў, у тым ліку – былых палітвязняў: у красавіку супраць Васіля Парфянкова ўзбуджана крымінальная справа за парушэнні ўмоваў вызначанага судом прэвентыўнага нагляду, у адносінах да Паўла Вінаградава прэвентыўны нагляд устаноўлены тэрмінам на 2 гады (у сакавіку дадзеная форма абмежавання  тэрмінам на 1 год была ўсталявана за Уладзімірам Яроменкам). Не спыняўся пераслед актывістаў па надуманых падставах у адміністрацыйным парадку, фіксаваліся факты незаконных і адвольных затрыманняў і арыштаў. Красавік адзначыўся падаўленнем свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў: за выключэннем дазволенага ў Мінску “Чарнобыльскага шляху”, усе масавыя мерапрыемствы ў краіне былі забароненыя.  

 

Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

 

Найбольш важнай падзеяй красавіка, датычнай палітычных вязняў, стала вызваленне экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і ягонай даверанай асобы Дзмітрыя Бандарэнкі. Вызваленне А. Саннікава, які адбываў пакаранне ў калоніі “Віцьба-3”, адбылося 14  красавіка, напярэдадні напярэдадні Вялікадня. На наступны дзень раніцай з Магілёўскай калёніі №15 быў вызвалены Дзмітрый Бандарэнка. Указ аб памілаванні падпісаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

17 красавіка А. Саннікаў быў выкліканы ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Першамайскага РУУС Мінска для пастаноўкі на прафілактычны ўлік, дзе яго папярэдзілі, што ў выпадку адміністрацыйных правапарушэнняў за ім будзе ўсталяваны нагляд. Ніякіх абмежаванняў на выезд не было ўсталявана. Экс-кандыдату паведамілі, што судзімасць з яго не будзе знятая на працягу 8 гадоў. У той жа дзень на прэс-канферэнцыі былы палітвязень паведаміў, што напісаў хадайніцтва аб памілаванні, каб спыніць правакацыі і ціск. Але падкрэсліў, што «віны» сваёй не прызнаваў: «Я напісаў, гэта называецца не прашэнне, а хадайніцтва аб памілаванні. Зрабіў я гэта свядома і каментаваць больш не буду. Адзінае, што магу сказаць, што віны я не прызнаваў, хоць быў велізарны ціск, каб я гэта зрабіў. Ціск быў у калоніі, падрабязней пра гэта я казаць не магу. Хадайніцтва я напісаў, каб спыніць ціск і правакацыі, якія былі. Падпісаў таму што ў пэўны момант зразумеў, што справа не ў памілаванні. Са мной маглі б адбыцца дастаткова сур'ёзныя рэчы, ажно да фізічнага знішчэння… Тое, што зрабілі з маім асабістым жыццём і жыццём маёй сям'і, гэта проста жах».

Дзмітрый Бандарэнка распавёў пра турэмныя умовы: «Ніякай законнасці не было, былі пагрозы згвалтавання, калецтва. Былі спробы ціску на мяне і спробы вярбоўкі. Я сказаў прама, што ёсць межы, якія я пераходзіць не буду, я проста здзейсню самазабойства… У мяне такое рашэнне было. Я яго заўсёды артыкуляваў, таму гэта мне стварыла пэўны калідор».

Вызваленне А. Саннікава і Дз. Бандарэнкі віталі Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан, Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле, Старшыня АБСЭ, ірландскі віцэ-прэм’ер Эйман Гілмар, Спецыяльны дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэс Херкель, Міністэрства замежных спраў Польшчы, іншыя еўрапейскія дзяржавы, палітыкі, міжнародныя арганізацыі, заклікаючы адначасова да вызвалення астатніх беларускіх палітвязняў.

 

З атрыманага ў пачатку красавіка ліста Алеся Бяляцкага стала вядома, што 29 сакавіка суд Першамайскага раёна Мінска па грамадзянскім іску падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна вырашыў спагнаць са зняволенага праваабаронцы больш за 140 мільёнаў пені – за несвоечасовую ўплату сумы запазычанасці. Пры тым, што сплочаная праваабаронцам у студзені сума паводле прысуду ўжо была праіндэксаваная з улікам інфляцыі, пасля чаго павялічылася больш як удвая. Грамадзянскую справу разглядала суддзя Вольга Багам’я з удзелам прадстаўнікоў падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна Собалевай, Тодрык і Карташовай. Ні калегі Алеся Бяляцкага, ні яго сям’я пра гэты судовы працэс нічога не ведалі -- рашэнне суда было дасланае самім Бяляцкім жонцы Наталлі па пошце. Суд адбываўся ў адсутнасць Бяляцкага, і ў судовым рашэнні ўказана: “адказчык у судовае паседжанне не з’явіўся, знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, пра дату і час разгляду справы апавешчаны належна”. Адвакат Алеся Бяляцкага падчас разгляду грамадзянскай справы ў судзе таксама не прысутнічаў. З’яўленне іска пра спагнанне пені стварыла штучная прававая перашкода для прымянення ў адносінах да праваабаронцы любых формаў па скарачэнні тэрміна яго зняволення – умоўна-датэрміновага вызвалення, амністыі, памілавання ў сувязі з новымі матэрыяльнымі прэтэнзямі.

19 красавіка стала вядома, што Нобелеўскі камітэт прыняў кандыдатуру беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на прэмію міру.

 

10 красавіка ў Віцебскім абласным судзе пачаўся разгляд касацыйнай скаргі віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі. Судовая калегія  вынесла вызначэнне аб прызначэнні  С. Каваленку комплекснай псіхіятрычнай экспертызы ва ўмовах стацыянару (Навінкі, Мінск). Разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Першамайскага суду Віцебска прыпынены да заключэння псіхіятраў. У судзе было прадстаўленае папярэдняе заключэнне псіхіятраў аб тым,  што у асуджанага маецца псіхічнае растройства, якое выражаецца ў тым ліку і ў адмове ад ежы. Экспертыза мусіць высветліць: ці пакутаваў С.Каваленка на псіхічнае захворванне ў момант здзяйснення крымінальнага злачынства, ці мог асэнсоўваць на той час свае дзеянні; ці пакутуе на псіхічнае захворванне зараз; ці патрабуюцца адносна яго меры прымусовага лячэння; ці мае індывідуальныя асаблівасці псіхічнага стану. 13 красавіка стала вядома, што палітвязень у псіхіятрычным шпіталі самастойна спыніў галадоўку, якую працягваў са снежня 2011 году.

 

10 красавіка суд Маскоўскага раёну Мінска ўсталяваў прэвентыўнага нагляд за былым палітвязнем Паўлам Вінаградавым тэрмінам на 2 гады. Яму забаронена выязджаць з Мінску без дазволу міліцыі, ён абавязаны знаходзіцца дома з 20 да 8 гадзіны і 4 разы на месяц адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі па месцы жыхарства. Усталяванне нагляду з вязана з тым, што ў гэтым годзе Паўла Вінаградава ўжо некалькі разоў затрымлівалі нібыта за брыдкаслоўе і выносілі адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арыштаў. Супрацоўнікі МУС палічылі, што гэта з’яўляецца падставай для ўзмацнення нагляду за былым палітвязнем.

 

19 красавіка Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска паведаміў былому палітвязню Васілю Парфянкову пра ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы за парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом Першамайскага раёну Мінска ў адносінах да актывіста 5 студзеня 2012 году тэрмінам на адзін год. Нагодай для ўсталявання прэвентыўнага нагляду стаў удзелу В. Парфянкова ў акцыі салідарнасці з палітвязнямі 19 снежня 2011 году, за што ён быў арыштаваны на 12 сутак.

 

26 красавіка кіраўніцтва спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці адмовіла ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні палітвязню Паўлу Севярынцу. Такое рашэнне было прынята на аснове рэкамэндацыі так званай Рады выхавацеляў, у якую, акрамя адміністрацыі, уваходзяць кіраўнікі калгасаў, у якіх працуюць асуджаныя. Рашэнне прынята, нягледзячы на станоўчую характарыстыку, у сувязі з тым, што асуджаны не прызнаў сваёй віны і не раскаяўся.

26 красавіка кіраўніцтва Івацэвічскай калоніі №22 праінфармавала палітвязня Аляксандра Францкевіча, што яму адмоўлена ў спатканні, якое прызначалася на 4 траўня. Маці не паведамілі прычыну адмову ў спатканні. Доўгатэрміновае (трохсуткавае) спатканне з блізкімі прадстаўляецца згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам і можа быць адмененае за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання, аднак у Францкевіча такіх парушэнняў не было.

 

Смяротнае пакаранне

 

5 красавіка Любоў Кавалёва, маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва, і яго сястра Таццяна  Казяр атрымалі інфармацыю з Упраўлення   Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Дадзеная інфармацыя была накіравана прадстаўнікамі ўраду РБ пры аддзяленні ААН у Жэневе 15 сакавіка 2012 года – у той самы дзень, калі Уладзіслаў Кавалёў быў расстраляны. Прадстаўнікі Беларусі інфармавалі Камітэт па правах чалавека аб тым, што наглядная скарга Кавалёва пададзена ў Вярхоўны суд, прэзідэнт разглядае яго прашэнне аб памілаванні. Пакуль гэта не будзе разгледжана, выкананне смяротнага прысуду будзе прыпынена.

 

11 красавіка былы старшыня Канстытуцыйнага суда і Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч у інтэрв’ю Еўрарадыё заявіў, што смяротнае пакаранне можна адмяніць і без правядзення рэферэндуму: “З пазіцыі фармальна-юрыдычнай, безумоўна, гэтае пытанне можа быць вырашанае і без рэферэндуму. Рашэнне таго рэферэндуму (24 лістапада 1996 года) насіла кансультацыйны характар і ў прынцыпе можна вырашыць інакш. Але і кіраўнік дзяржавы, і парламент – яны прадстаўляюць народ. І меркаванне грамадзян для іх мае важнае значэнне, якое ўплывае на прыняцце імі рашэнняў. Іх можна зразумець – 80% прагаласавала! Але калі на гэта ўвагі не звяртаць, то пытанне можа быць вырашанае шляхам змены Крымінальнага кодэкса. Варыянты рашэння гэтай праблемы могуць быць самыя розныя. Магчыма ўвядзенне мараторыя”.

30 красавіка маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва напісала скаргу на імя начальніка СІЗА КДБ з патрабаваннем вярнуць ёй запісы, якія вёў Уладзіслаў падчас судовага паседжання. Пасля выканання смяротага прысуду маці атрымала пакунак з рэчамі сына – іх поштай даслалі з СІЗА КДБ, але запісы, якія вёў Уладзіслаў, кудысьці зніклі. Маці лічыць следства і суд, які прысудзіў Канавалаву і Кавалёву смяротнае пакаранне, неаб'ектыўнымі. І не выключае, што ў жоўтай пластыкавай папцы маглі быць нейкія звесткі, якія СІЗА КДБ не хоча абнародаваць.

 

Гвалтоўныя знікненні

 

27 красавіка ўдава зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага Святлана атрымала з МЗС адказ на свой зварот, накіраваны ў Савет Міністраў, дзе ўтрымлівалася прапанова аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Міжнароднай канвенцыі па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. Міністэрства замежных справаў выказала меркаванне, што Беларусі няма неабходнасці далучацца да Канвенцыі, паколькі яе палажэнні рэалізаваны ў заканадаўстве РБ  – крадзёж людзей адносіцца да катэгорыі злачынстваў супраць чалавецтва і прадугледжвае крымінальную адказнасць і недапушчальнасць вызвалення ад адказнасці альбо пакараня ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны. МЗС адзначыў таксама, што крымінальнае заканадаўства РБ і практыка яго прымянення таксама базуецца на строгім захоўванні гарантыі абароны ад крадзяжу людзей, за якім наступае іх знікненне. Адказ падпісаны намеснікам міністра Гур’янавым.

Разам з тым, названыя ў адказе крымінальныя артыкулы прадугледжваюць пакаранне за крадзёж чалавека, а не за гвалтоўнае знікненне. Згодна з азначэннем Канвенцыі, гвалтоўнае знікненне – гэта заўсёды дзеянні прадстаўнікоў дзяржавы або інышх асобаў пры падтрымцы ўлады.

 

Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання

 

7 красавіка ў Мінску на станцыі метро “Купалаўская” былі затрыманыя сябры “Маладога Фронту” Дзмітрый Крамянецкі і Міхаіл Мускі за наклейванне налепкі “Свабоду Дашкевічу”. Затрыманне і ўтрыманне пад вартай актывістаў суправаджаліся збіццём і здзекамі.
Крамянецкі: «Супрацоўнікі міліцыі схавалі свае бэйджы, каб мы нават не бачылі, хто нас затрымлівае, і сказалі, што мы брыдкасловім. Міша папрасіўся ў прыбіральню, але яго не выпусцілі, а прыкавалі ў кайданках да батарэі і пачалі збіваць. Пасля таксама і мяне закавалі і таксама пачалі збіваць. Мы каля трох гадзін праляжалі на падлозе».

Мускі: «Зміцер пасьля збіцця страціў прытомнасць, але яму нават не выклікалі хуткую дапамогу».
Крамянецкі: «Дзяжурны на Акрэсціна пагражаў нам фізічнай расправай. Казаў: вы будзеце тут сядзець, але добра сядзець вы не будзеце. Гэта быў дзяжурны капітан Есьмантовіч».
9 красавіка ў судзе абодва маладафронтаўцы хадайнічалі аб медыцынскай дапамозе. Д. Крамянецкага з-за падвышанага ціску брыгада хуткай дапамогі забрала ў 9-ты шпіталь, але неўзабаве яго зноў вярнулі ў суд.
Суд не ўзяў пад увагу фізічнае самаадчуванне маладафронтаўцаў. У выніку суддзя Марына Запаснік прысудзіла Міхаілу Мускаму 10 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта дробнае хуліганства, Міхаіл Хома – 10 сутак арышту Дзмітрыю Крамянецкаму.

Палітычна матываванае абмежаванне свабоды перамяшчэння

 

28 сакавіка Генеральная пракуратура праінфармавала намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, якому быў абмежаваны выезд за межы Беларусі, пра перанакіраванне ягонай скаргі ў Міністэрства абароны. 12 красавіка ўслед за  Генеральнай пракуратурай у Міністэрства абароны скаргу В. Стэфановіча перанакіравала і Упраўленне унутраных спраў Партызанскага раёна Мінска. Нагадаем, што падставаю для абмежавання выезду з краіны Стэфановіча сталася нібыта ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу. Аднак праваабаронца  на 12 гадоў старэйшы за максімальны прызыўны ўзрост і ўжо праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 1990-92 гг. Партызанскі райваенкамат Мінска пры гэтым сцвярджае, што ніякіх рашэнняў наконт абмежавання права выезду з Рэспублікі Беларусь не прымаў.

 

6 красавіка мусіла адбыцца апытанне ў межах дасудовай падрыхтоўкі па скарзе старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака аб ягонай забароне на выезд за мяжу. У якасці адказнікаў па справе выступаюць МУС і Мінюст. Аднак 4 красавіка з Алегам Гулаком звязалася сакратар суду Цэнтральнага раёну Мінска, дзе павінна разглядацца справа, і паведаміла, што прызначаная на гэтую справу суддзя не зможа прысутнічаць на паседжанні 6 красавіка з-за таго, што ёй трэба весці прыём грамадзянаў. Дата паседжання перанесена на няпэўны тэрмін. Алег Гулак адзначае, што ў сваёй практыцы яму не даводзілася сутыкацца з падобнымі пераносамі. Такое самае паведамленне атрымаў і юрыст БХК Гары Паганяйла. Папярэдняе паседжанне па ягонай справе павінна было адбыцца 18 красавіка.

 

11 красавіка былога палітвязня Аляксандра Атрошчанкава высадзілі з цягніка, калі ён ехаў у Літву. Як паведамілі яму ў аддзеле грамадзянства і міграцыі, ён прызнаны невыязным ў адпаведнасці з пастановай суда Аршанскага раёна і горада Оршы ад 29 сакавіка 2012 г., калі Атрошчанкаву разам з іншымі лідэрамі апазіцыі прысудзілі адміністрацыйны штраф нібыта за дробнае хуліганства ў цягніку. Аднак на працэсе суддзя не выносіла рашэння аб абмежаванні ягонага права на выезд. Атрошчанкаў не атрымаў ніякіх апавяшчэнняў аб абмежаванні ў перасячэнні мяжы, як таго патрабуе дзеючае заканадаўства. Рашэнне аб накладанні штрафу Атрошчанкаў у касацыйным парадку абскардзіў, і яно да прыняцця рашэння касацыйнай інстанцыяй яно лічыцца не ўступіўшым у сілу. Пасля ўступлення ў законную сілу таксама павінен яшчэ прайсці час для пачатку выканаўчай вытворчасці і прыняцця рашэння аб прымусовым выкананні ў выпадку адмовы ад выплаты. Такім чынам, законныя падставы для накладання на А. Атрошчанкава абмежаванняў адсутнічалі.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

12 красавіка суд Ленінскага раёна Мінска аштрафаваў актывістаў “Маладога Фронту” Насту Шулейку і Юрыя Ходуса, затрыманых напярэдадні каля станцыі метро “Кастрычніцкая”, дзе ў гадавіну трагедыі ў метро праходзіла адкрыццё мемарыяльнага знаку “Рака памяці”. Асудзілі маладафронтаўцаў па артыкуле 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства”. Суддзя Марына Запаснік аштрафавала Насту Шулейка на 20 базавых велічынь, а суддзя Міхаіл Хома - Юрыя Ходуса на 15 базавых велічынь.

 

12 красавіка ў Смалявічах былі затрыманы актывісты кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў, Міхаіл Пашкевіч, Юрый Ганчар і мясцовы абаронца інтарэсаў дачнікаў -- Васіль Казлоўскі. Затрыманыя былі дастаўлены ў раённы аддзел міліцыі са сходу дачнага таварыства. М. Пашкевічу і А.Дзмітрыеву выпісалі позвы з прадпісаннем з'явіцца ў Смалявіцкі РАУС, дзе пазней у адносінах да іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства за ўдзел у сходзе членаў садаводчых таварыстваў 10 сакавіка.

19 красавіка суд Маскоўскага раёну Мінска асудзіў затрыманых напярэдадні Маргарыту Лавышык і Крысціну Кулейку на 15 базавых велічыняў кожную па артыкуле 17.1 КаАП РБ (“дробнае хуліганства”). Справу М. Лавышык разглядала суддзя Тацяна Мотыль, справу К. Кулейкі - суддзя Юрый Сезень. Маргарыта Лавышык – сяброўка Вячаслава Дыянава, каардынатара кампаніі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Затрыманне адбылося, калі яна размаўляла па скайпе з Дыянавым -- да яе дадому ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі. Пасля затрымання дзяўчат адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Са словаў прадстаўнікоў кампаніі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, дзяўчаты не прымалі ўдзелу ў працы кампаніі.

20 красавіка каля крамы побач з домам была затрыманая актывістка “Маладога Фронту” Наста Шулейка. У адносінах да яе быў складзены пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ). Разгляд справы Насты Шулейкі адбыўся ў суботу 21 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Мінска. Суддзя Тацяна Мотыль прысудзіла ёй 10 сутак арышту.

 

22 красавіка гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч, якія вярталіся з Вільні дамоў, былі затрыманыя мытнікамі на памежным пераходзе “Прывалка”. Адзін з мытнікаў убачыў у торбе праваабарончую літаратуру, пасля чаго аўтамабіль, на якім ехалі грамадскія актывісты, быў адагнаны ў адмысловае месца і нават загароджаны, руль і колы заблакаваныя, а побач прыстаўлена памежніца з сабакам. Мытнікі правялі асабісты дагляд Сазонава і Хільмановіча, усё гэта доўжылася каля 5 гадзінаў. Быў складзены пратакол выняцця кніжак “Наша Вясна” і фотаальбомаў, прысвечаных палітвязням і падзеям плошчы 19 снежня 2010 году. Былі забраныя таксама два дыскі з дакументальным фільмам “Прычына смерці – прочырк”.     

 

Увечары 23 красавіка ў рэйсавым аўтобусе Варшава - Мінск на памежным пераходзе Цярэспаль – Брэст актывіст кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Сяргей Бяспалаў трапіў пад асабісты дагляд. Па выніках дагляду ў яго канфіскавалі ноўтбук, пасля складання пратаколаў выняцця актывіста адпусцілі.

 

25 красавіка ў 23 гадзіны на ўваходзе ў станцыю метро "Інстытут культуры" ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста арганізацыі «Малады Фронт» Дзмітрыя Станкевіча, у якога з сабой была расцяжка, падрыхтаваная спецыяльна да вулічнай акцыі «Чарнобыльскі шлях». 26 красавіка суд Маскоўскага раёну Мінска асудзіў актывіста на 3 сутак арышту па артыкуле 17.1 КаАП РБ («дробнае хуліганства»).

 

26 красавіка ў Брэсце амаль на тры гадзіны былі затрыманыя актывісты “Гавары праўду” Марат Несцярэнка і Аляксандр Ахмач падчас распаўсюду ўлётак з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і плануемага будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Супрацоўнікі міліцыі даставілі затрыманых спачатку ў суд Брэсцкага раёна, а пазней -  у Ленінскі РАУС Брэста. Там быў складзены пратакол вымання ўлётак, што яшчэ заставаліся ў грамадскіх актывістаў. Міліцыянты патлумачылі, што ўлёткі накіруюць на экспертызу, пасля чаго будзе вырашана, ці ёсць у дзеяннях Ахмача і Несцярэнкі адміністратыўнае прававапарушэнне.

 

26 красавіка на сталічным вакзале быў затрыманы грамадскі актывіст з Асіповічаў Ігар Сімбіроў, якія прыехаў на дазволены “Чарнобыльскі шлях”. Актывіста затрымлівалі маёр Аляксей Каробка і супрацоўнік міліцыі па прозвішчы Захвіцэвіч. З ужываннем фізічнай сілы яго даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна, дзе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт. арт. 17.1 КаАП РБ – “дробнае хуліганства”.  У гэты ж дзень суддзя суда Кастрычніцкага раёну Мінска Наталля Пратасавіцкая асудзіла Ігара Сімбірова да 10 сутак арышту. Разгляд адміністратыўнай справы доўжыўся каля 10 хвілін.

 

26 красавіка суд Савецкага раёну Мінска асудзіў былога палітвязня Паўла Вінаградава, затрыманага напярэдадні ў памяшканні крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёну сталіцы, на 5 сутак арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП РБ). 25 красавіка падчас суду актывіст кампаніі “Гавары праўду” заявіў хадайніцтва аб прыцягненні да разгляду адміністратыўнай справы ягонага адваката. Суддзя Дзмітрый Паўлючэнка задаволіў хадайніцтва і перанёс разгляд справы на 26 красавіка.

 

26 красавіка падчас Чарнобыльскага шляху была затрымана Валянціна Дваракова, у дачыненні да якой быў складзены пратакол па арт.23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). “Віна” дзяўчыны заключалася ў вітанні з балкона сваёй кватэры ўдзельнікаў шэсця бел-чырвона-белым сцягам. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яе ў кватэру, а затым адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе ўзялі адбіткі пальцаў. Нават па фармальных прыкметах у дзеяннях Двараковай Валянціны адсутнічае склад адміністратыўнага правапарушэння.

 

27 красавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыліся судовыя працэсы над актывістамі “Маладога фронту” Міколам Дземідзенкам, Міхаілам Мускім і Раманам Васільевым, а таксама Аляксеем Чурылавым і Дзмітрыем Шаўлюкевічам, якія былі затрыманыя 26 красавіка пасля завяршэння “Чарнобыльскага шляху” і абвінавачаныя ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ). Каля суду былі затрыманы актывісты Уладзімір Яроменак і Дзмітрый Крэмянецкі, на якіх таксама складзеныя адміністратыўныя пратаколы за дробнае хуліганства. У выніку судовых разглядаў Аляксей Чурылаў (суддзя Аксана Рэлява) арыштаваны на 10 сутак; Дзмітрый Шаўлюкевіч (суддзя Аксана Рэлява) – на 15 сутак; Мікола Дземідзенка (суддзя Дзмітрый Паўлючэнка) – на 15 сутак; Міхаіл Мускі (суддзя Аксана Рэлява) -- на 15 сутак; Раман Васільеў – на 15 сутак; Уладзімір Яроменак – на 7 сутак. Судовы працэс над Дзмітрыем Крэмянецкім (суддзя Дзмітрый Паўлючэнка) адбыўся 28 красавіка і скончыўся рашэннем аб арышце тэрмінам на 7 сутак.

 

30 красавіка ў памяшканні «Свабоднага тэатру» ў Мінску, дзе планаваўся паказ фільма "Апошні дыктатар Еўропы", супрацоўнікамі АМАПу былі затрыманыя 19 чалавек. Іх усіх адвезлі ў РУУС Савецкага раёна Мінска, дзе яны знаходзіліся амаль дзве гадзіны. Непаўнагадовых Тацяну Карневіч і Юлю Калодкіну пры допыце зняважліва абражала супрацоўніца міліцыі Цырко. З ноўтбука журналісткі Вікторыіі Колчынай выдалілі некалькі файлаў і змянілі пароль, пасля чаго вярнулі ўладальніцы. З камеры аператара Краўчука знікла флэш-карта памяці.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі

 

12 красавіка суддзя Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратніка аштрафавала на 30 базавых велічынь актывіста Партыі БНФ Сяржука Нягціна за распаўсюд маланакладнай газеты “Тут і цяпер”. Суддзя палічыла, што для распаўсюду незарэгістраванага незалежнага выдання неабходна мець з рэдакцыяй спецыяльную дамову, якой у актывіста не было.

 

20 красавіка ў Віцебску супрацоўнікі міліцыі затрымалі распаўсюдніка газеты «Наш Дом інфа» Сяргея Совпеля пры выхадзе з пад'езду дома № 37 па вуліцы Чкалава. Яго даставілі ў Першамайскі РАУС г. Віцебска, дзе пратрымалі больш за тры гадзіны. Актывіста абвінавачваюць у парушэнні артыкула 29,9 ч.2 КаАП РБ, «незаконны распаўсюд друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

 

25 красавіка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі перашкодзіць сустрэчы расійскіх журналістаў з маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Сустрэча была запланаваная ў яе кватэры, але супрацоўнікі міліцыі пільнавалі журналістаў каля пад'езду. Любові Кавалёвай прапанавалі даць відэаінтэрвью для праграмы "Чалавек і закон", але як толькі здымачная група выйшла з таксі, ім перагарадзілі шлях супрацоўнік міліцыі і АМАП. Гаспадыня ўбачыла гэта з акна і пайшла "вызваляць гасцей". Журналісты былі адпушчаны, але ў іх перапісалі дакументы.

 

27 красавіка ў горадзе Бярозаўка (Лідскі раён) міліцыянты затрымалі мясцовых актывістаў Партыі БНФ і Руху "За Свабоду" Сяргея Трафімчыка і Вітольда Ашурка. У іх забралі 800 асобнікаў афіцыйна зарэгістраванай газеты “Новы час”. Актывістаў завезлі ў мясцовы пастарунак і склалі акт пра канфіскацыю накладу. 28 красавіка дахаты да Сяргея Трафімчыка заявіліся міліцыянты з пастановай пракуратуры на агляд памяшкання. Яны шукалі друкавальную тэхніку. Самога Трафімчыка ў гэты час дома не было. У прысутнасці сведак міліцыянты склалі пратакол, што па месцы жыхарства Трафімчыка друкавальна-памнажальнай тэхнікі не выяўлена.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

2 красавіка гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леаніда Судаленка атрымалі з Камітэту па правах чалавека ААН паведамленне аб рэгістрацыі іх агульнай скаргі, звязанай з адмовай Гомельскім гарвыканкам на правядзенне пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека ў 2010 годзе. Абскарджанне адмовы на нацыянальным узроўні не прынесла станоўчых вынікаў: раённы суд стаў на бок гарвыканкаму, а абласны суд зацвердзіў рашэнне раённага, як і Вярхоўны суд, дзе абскарджвалі рашэнне праваабаронцы.

 

6 красавіка стала вядома, што Мінгарвыканкам адмовіў актывісту праваабарончага праекта "ГейБеларусь" Аляксею Куліку ў правядзенні ў беларускай сталіцы пікету на 7 чалавек «Дзень маўклівасці: мы маўчым, каб нас пачулі», запланаванага на 9 красавіка. Пікет планавалася правесці на тэрыторыі, прылеглай да дамоў № № 8 і 10 па вул. Маякоўскага на адлегласці больш чым 50 метраў ад прыпынкаў грамадскага транспарту. Аднак прычынай адмовы Мінгарвыканкам назваў стварэнне перашкодаў руху пешаходаў, а таксама руху транспарту па вул. Маякоўскага і функцыянаванню арганізацый, размешчаных недалёка ад месца планаванага пікету.

 

9 красавіка грамадскі актывіст Рыгор Грык 9 красавіка атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча аб забароне пікета, запланаванага 15 красавіка ў старым парку горада. Падчас пікета Рыгор Грык хацеў выказаць маральную падтрымку іншадумцам і асуджаным за падзеі 19 снежня 2010 года.

 

17 красавіка гомельская актывістка Зінаіда Шуміліна атрымала з Камітэту па правах чалавека ААН паведамленне пра рэгістрацыю яе скаргі, датычнай адмовы ў правядзеніі серыі пікетаў 23 лютага 2011 года ў падтрымку зняволеных экс-кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх выбарчых штабоў. Гарадскія ўлады не дазволілі ні адно з шаснаццаці заяўленых масавых мерапрыемстваў. Раённы суд стаў на бок гарвыканкама, а абласны суд зацвердзіў рашэнне раённага. Таксама і Вярхоўны суд, дзе абскарджвалася рашэнне, не задаволіў ні адной скаргі. Гэта ўжо 129 скарга, прынятая да разгляду ад грамадзянаў Беларусі гэтай уплывовай міжнароднай інстанцыяй.  

 

23 красавіка да заяўляльнікаў інфармацыйнага пікету, прымеркаванага да чарговых угодкаў чарнобыльскай катастрофы, які планавалася правесці 26 красавіка ў Парку Жылібера ў Гродна, пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі, папярэджваючы пра адміністрацыйную адказнасць за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Пры гэтым афіцыйнай адмовы ў правядзенні акцыі ініцыятары на той час не атрымалі. Заява на правядзенне пікету была падпісана старшынёй гарадской арганізацыі АГП Аляксандрай Васілевіч і старшынём суполкі Кастрычніцкага раёну Дзмітрыем Аўдзейчыкам.

 

Слонімскі райвыканкам двойчы адмовіў сябрам Слонімскага дэмакратычнага згуртавання праводзіць у Слоніме 26 красавіка пікет, прысвечаны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

 

23 красавіка ў Віцебску былі атрыманыя адмовы на правядзенне трох пікетаў да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву прыйшлі адмовы  з раённых адміністрацый.

 

26 красавіка ў Мінску праводзілася традыцыйная акцыя дэмакратычнай апазіцыі “Чарнобыльскі шлях”.  Масавае мерапрыемства ў форме шэсця і мітынга было дазволена Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Нягледзячы на мірны характар мерапрыемства, невялікая частка яго ўдзельнікаў адхіліліся ад мірнай хады акцыі і здзейсніла гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да  часткі маніфестантаў, якія далучыліся да акцыі пад сімволікай ЛГБТ. Гвалтоўныя дзеянні насілі картокачасовы характар, лакальны па тэрыторыі і большасцю ўдзельнікаў мерапрыемства не былі заўважаныя. ПЦ “Вясна” заклікаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавых акцыяў у будучым устрымлівацца ад любых формаў гвалтоўных дзеяньняў, а таксама любых форм дыскрымінацыі.

 

26 красавіка ў Брэсце была забароненая акцыя супраць забойства жывёл. Падчас гэтага мерапрыемства меркавалася распаўсюдзіць сярод жыхароў горада ўлёткі ў падтрымку “Акцыі супраць забойства беспрытульных жывёл “Fair Play”, якая зараз адбываецца ў суседняй Украіне. Падтрымаць згаданы зварот і выказаць сваю салідарнасць вырашылі таксама брэсцкія абаронцы жывёл, якія паспрабавалі атрымаць дазвол на распаўсюд 28 красавіка ўлётак у цэнтры горада -  на вуліцы Пушкінскай. Аднак мясцовыя ўлады ў асобе намесніка старшыні гарвыканкама Вячаслава Хафізава адмовілі ў яе правядзенні.

 

30 красавіка Аршанскай гарадской арганізацыі партыі "Справядлівы свет" атрымалі адмовы на правядзенне 2 масавых акцыяў 1 траўня супраць росту коштаў і пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча грамадзян. Пікеты збіраліся праводзіць у адмыслова дазволеных гарвыканкамам месцах.

Першамайская дэманстрацыя не была дазволена і ў Брэсце, пра што адпаведнае рашэнне гарывканкаму атрымалі 27 красавіка заяўляльнікі -- кіраўнікі мясцовых арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка. Сваю забарону ўлады патлумачылі тым, што маршрут дэманстрацыі пралягае бліжэй за 50 метраў ад шэрагу адміністрацыйных будынкаў.

27 красавіка адмову на правядзенне першамайскага мітынгу ў Мікашэвічах атрымалі ініцыятары акцыі - старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалай Зімін і кіраўнік суполкі гэтага прафсаюза на прадпрыемстве “Граніт” з Мікаўэвічаў Алег Стахаевіч. Акцыя ставіла на мэце выказаць падтрымку актывістам незалежнага прафсаюза прадпрыемства “Граніт”. Прычынай адмовы кіраўніцтвам мясцовага гарвыканкаму назвала запланаванае на гэты ж дзень і месца іншае мерапрыемства -- спартакіяду.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства