Суд над Ігарам Сімбіровым працягнецца 18 траўня
Разгляд адміністратыўнай справы актывіста кампаніі “Гавары праўду” Ігара Сімбірова адбудзецца сёньня ў судзе Менскага раёна і г. Заслаўя (вул. Маякаўскага, 119). Ноч ён правёў у РУУСе Менскага раёна.
6 траўня вечарам Ігар Сімбіроў разам з бардам Зміцерам Бартосікам і 12 слухачамі былі затрыманыя на станцыі “Зялёнае” пасьля канцэрту на вольным паветры. У аддзяленьні міліцыі ў Ждановічах на Сімбірова склалі адміністратыўны пратакол. Яго звінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі пры затрыманьні, у тым, што ён лаяўся і размахваў рукамі. Пазней стала вядома, што яго адвезлі ў Менск.
Ігар Сімбіроў 6 траўня выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністратыўнага арышту. 26 красавіка ён прыехаў з Асіповічаў у сталіцу на "Чарнобыльскі шлях", але быў затрыманы і асуджаны за "дробнае хуліганства".
* * *
11-00. Да гэтага часу Ігара Сімбірова ў суд не прывезьлі.
14-00. Справу Сімбірова будзе разглядаць суддзя Аляксей Мініч. Ігара прывезлі ў суд.
14-50. У якасьці сведкі выступае Зміцер Бартосік.
14-55. Ігар Сімбіроў заявіў, што на яго ўзьведзены паклёп. Ён патрабуе дапытаць міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго ў лесе. Судзьдзя па хадайніцтву Сімбірова загадаў выклікаць міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі. Абвешчаны перапынак.
15-00. На судзе Сімбіроў абвесціў, што пачынае бестэрміновую галадоўку, аж да летальнага зыходу.
17-30. У працэсе абвешчаны перапынак да 18 траўня. Ігара Сімбірова адпусцілі.