viasna on patreon

Мікалай Аўтуховіч: “Ніхто не можа мяне запалохаць”

2012 2012-07-12T11:31:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autuhovich-mikalaj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Палітвязень выказвае бадзёры настрой у сваіх і лістах, дзе піша, што гатовы да ўсяго і погляды свае змяняць не будзе.

У канцы чэрвеня спадар Аўтуховіч меў спатканне  з маці і сястрой. “Усё было добра, толькі ў матулі не ўзялі нічога з перадачы. Спачатку дазволілі прывезці садавіну і гародніну, а калі яна закупіла ўсё на 30 кг, нічога не ўзялі. Атрымаў ад яе ліст – вельмі хвалюецца і перажывае, што так падманулі. Вось гэта самая кепская навіна”, - піша ён.

Пра сваё здароўе кажа, “наколькі гэта магчыма, нармальна”. Бо скардзіцца, нават калі ёсць і праблемы, не любіць.

Адносна ўмоваў утрымання ў турме спадар Аўтуховіч піша, што  ўсё адносна. “Калі ведаеш гісторыю, то няцяжка сабе ўявіць, як было раней у турмах. А калі параўноўваць з турмамі Скандынавіі, то ў нас народ жыве горш, чым у іхніх турмах. Адносна да усяго: правоў, грошаў. Я заўсёды параўноваю беларускія турмы з канцлагерамі немцаў і адчуваю, што я ў раі. Усё добра, але нікому я не жадаю такіх выпрабаванняў”.

Палітвязень сочыць за беларускімі і міжнароднымі навінамі. Падчас футбольнага спаборніцтва Еўра-2012 стараўся адсочваць дынаміку гульняў. Праўда, глядзець тэлевізар дазвалялі зрэдку. Мікалай Аўтуховіч не губляе аптымізму, стараецца трымаць бадзёры дух: “Магу зацвердзіць: нішто не можа мяне запалохаць. Я гатовы да ўсяго. Свае погляды змяняць не буду, - і дадае адносна беларускага рэжыму:  Спадзяюся, што гэта хутка зменіцца, калі ўлада будзе сапраўды народная. Ці можна гэтак не любіць свой народ, каб турмы былі заўсёды поўныя?”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства