Каваленка атрымаў дазвол на доўгатэрміновае спатканне са сваякамі
Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, атрымаў дазвол на доўгатэрміновае спатканне са сваякамі. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка Сяргея Каваленкі Алена.
Паводле яе слоў, пра спатканне Сяргей Каваленка напісаў ёй у лісце. «Спатканне павінна быць доўгатэрміновым, з 24 па 27 ліпеня. Аднак, у сувязі з тым, што Сяргей ужо з’яўляецца злосным парушальнікам рэжыму, я апасаюся, каб гэтае спатканне не скарацілі да аднадзённага», — сказала Алена Каваленка.
Сяргей таксама пацвердзіў, што нават пасля надання яму статуса «злоснага парушальніка» ён атрымаў яшчэ адно пакаранне — пазачарговае дзяжурства. Гэта пацвярджае тое, што адміністрацыя калоніі «перастрахавалася» і зрабіла ўсё, каб Сяргей не трапіў пад амністыю», — лічыць яго жонка.
Яна таксама адзначыла, што муж, нарэшце, атрымаў ад яе бандэроль з лекамі, якую яна высылала два тыдні таму.
Таксама Алена Каваленка паведаміла, што адвакат мужа атрымаў адказ на наглядную скаргу па прыгаворы. «Увогуле, адказ стандартны. У ім гаворыцца, што падстаў для вызвалення Каваленкі няма, суд прайшоў у адпаведнасці з законам, і гэтак далей», — расказала яна.
***
Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачанні ва
ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК).
Размова ідзе пра пакаранне, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за
вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы
Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц
пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу
пасля затрымання ён аб’явіў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі
перапынкамі каля двух месяцаў. 18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць
касацыйную скаргу Каваленкі на прыгавор. У магілёўскую калонію апазіцыянер быў
этапіраваны 19 мая.