КДБ паставіў на прафіляктычны ўлік Андрэя Бандарэнку
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа», быў дастаўлены 19 ліпеня ў КДБ. Там яму паведамілі, што ён пастаўлены на прафіляктычны ўлік.
Бандарэнка: «Затрымалі мяне ў Першамайскім РУУС і ветліва папрасілі, без магчымасьці
адмовіцца, праехаць зь імі
на размову. Калі
я прыехаў, там быў супрацоўнік у цывільным, які прадставіўся
як Брэеў Аляксандар Мікалаевіч. Ён мяне папярэдзіў, што
я знаходжуся на прафіляктычным уліку ў КДБ з усімі
наступствамі. Я паспрабаваў высьветліць, якія менавіта наступствы.
Ён адказаў, што я мушу выконваць усе законныя патрабаваньні
супрацоўнікаў КДБ, але якія менавіта, не патлумачыў».
Андрэю Бандарэнку ня выдалі на рукі ніякіх дакумэнтаў. Па словах
супрацоўнікаў КДБ, сам факт размовы — гэта ўжо пацьверджаньне пастаноўкі
на ўлік. Але падчас размовы Андрэю Бандарэнку была прадэманстраваная
інфармацыя з сайта «Плятформы», у прыватнасьці, заклік
да прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля наконт адмены
Чэмпіянату сьвету па хакеі. Па словах Бандарэнкі, супрацоўнікі КДБ
лічаць, што гэтая інфармацыя дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь
і яе прэзыдэнта.
У КДБ Бандарэнку забралі зь Першамайскага РУУС, куды яго выклікалі
сёньня, каб паразмаўляць наконт іншых супрацоўнікаў «Плятформы» — Мікіты
Ліхавіда і Юрыя Чыгілейчыка. Бандарэнка выказаў меркаваньне, што яго маглі
адмыслова запрасіць, каб адтуль было зручней адвезьці ў КДБ.
Па словах Бандарэнкі, супрацоўнікі КДБ паводзілі сябе карэктна.
Андрэй Бандарэнка ад 15 сакавіка знаходзіцца ў сьпісе невыязных
зь Беларусі. 20 ліпеня ён меўся абскарджваць свой статус
у судзе Цэнтральнага раёну Менску.
4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 295,
у адпаведнасьці зь якім грамадзяне, якія стаяць
на прафіляктычным уліку ў органах КДБ, будуць абмежаваныя
ў выезьдзе за мяжу.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што
працэдура прафіляктычнага ўліку прымяняецца ўжо ня першы раз. Так,
на ўліку ўжо стаяць магілёўскія актывісты Зьміцер Салаўёў і Тацяна
Шамбалава, а таксама Сяргей Калякін.
Кіраўніка магілёўскай абласной філіі Партыі БНФ Зьмітра Салаўёва паставілі
на ўлік 15 студзеня 2011 году. Сам Салаўёў кажа, што прычынай
стала ўскладаньне кветак да будынка, у якім у 1918 годзе была
прызнаная БНР. Па словах Салаўёва, пастаноўка на ўлік не ўскладніла
ягонага жыцьця. Магчыма, цяпер ягоныя тэлефоны праслухоўваюцца «законна», але
на замежныя вандроўкі гэта ніяк не паўплывала. Інакш з Андрэем
Бандарэнкам.
Яны маюць іншы погляд на тое, што адбываецца ў краіне, і крытыкуюць уладу — вось іхнае злачынства.
Стэфановіч:
«Ёсьць адпаведны закон, адным з суб’ектаў там пазначаны КДБ. Але былі
ўнесеныя зьмены ў парадак выезду і ўезду грамадзянаў за межы РБ.
І ў нас былі падставы меркаваць, што гэта будзе скарыстана
ў палітычных мэтах — каб абмежаваць выезд апазыцыйным дзеячам,
праваабаронцам, журналістам. Фактычна — каб узаконіць незаконную практыку,
якая існавала да гэтага. Бандарэнка — адзін зь першых выпадкаў.
Паглядзім, наколькі гэтая практыка будзе шырока скарыстаная. Але ніхто з нашых
апазыцыйных дзеячаў, якім забаронены выезд за межы Беларусі, ніякіх
злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі ніколі не зьдзяйсьняе. Яны маюць
іншы погляд на тое, што адбываецца ў краіне, і крытыкуюць
уладу — вось іхнае злачынства».
Тэарэтычна можна абскардзіць пастаноўку грамадзяніна на прафіляктычны
ўлік, але, па словах Валянціна Стэфановіча, у такіх выпадках шанцаў
на адмену рашэньня вельмі мала. Яшчэ меней шанцаў у Андрэя
Бандарэнкі.
Бандарэнка:
«Мы ў юрыдычным тупіку. Каб нешта абскарджваць, трэба гэтае нешта
мець на руках. А пастановы ніякай мне ня выдалі. Адзінае, што
я магу абскардзіць, — гэта размову з супрацоўнікам КДБ. Заўтра
мы дашлем афіцыйны запыт у КДБ, каб яны патлумачылі, што адбываецца,
і прадставілі дакумэнты. А пасьля будзем вырашаць, як гэта
абскарджваць і ў які суд зьвяртацца».