Баранавічы: Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў гадавіну зняволення Алеся Бяляцкага
4 жніўня, у гадавіну зняволення Алеся Бляцкага, мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты арганізавалі акцыю салідарнасці з палітвязнямі. Яны расклейвалі і раздавалі мінакам інфармацыйныя ўлёткі з заклікам вызваліць палітычнага вязня Алеся Бяляцкага – кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
– Сёння мы прынялі ўдзел у гэтай акцыі, каб нагадаць жыхарам гораду, што беларускія ўлады пасадзілі ў турму чалавека толькі за тое, што ён дапамагаў іншым людзям, – адзначыў актывіст Мікалай Юшкевіч.
Раней мы паведамлялі, што грамадскія актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца і Віктар Мезяк падалі ў Баранавіцкі гарвыканкам заяву на правядзенне 4 жніўня пікета, прысвечанага вызваленню Алеся Бяляцкага і іншых палітычных вязняў краіны. Планавалася, што пікет адбудзецца ў старым парку горада. Аднак гарвыканкам не даў згоды, дарэчы як і на ўсе папярэднія заявы грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, на правядзення масавага мерапрыемства.