Праваабаронца нагадаў маладэчанцам пра Алеся Бяляцкага
Маладэчанец Эдуард Баланчук замест запланаванага пікета, які не дазволілі ўлады, гуляў на Цэнтральнай плошчы горада ў кашулі “Свабоду Алесю Бяляцкаму”, каб сваім выглядам нагадаць грамадзянам пра гадавіну арышту вядомага праваабаронцы. Прэтэнзіяў з боку праваахоўных органаў да актывіста не было.
Як распавядае Эдуард, падчас гэтай прагулкі ён размаўляў са знаёмымі і незнаёмымі мінакамі, і даведаўся, што многія людзі чытаюць незалежныя выданні, таму ведаюць пра сумную нагоду і наогул – пра палітвязняў. Таксама Эдуард мяркуе, што некаторыя людзі, якія з цікавасцю назіралі здалёк за яго прагулкай, магчыма, прыйшлі на плошу, бо ведалі пра запланаваны пікет.
Што датычыцца прычыны адмовы ў правядзенні пікета – масавых дзіцячых забавах на Цэнтральнай плошчы ў гэты час, то гэтыя забавы – пару аўтамабільчыкаў і батут – займалі мізэрную частку плошчы, і ўдзельнічала ў іх трое дзетак. А ўдзельнікам пікета месца ўсё ж не хапіла.