Петыцыя з патрабаваннем вызвалення Алеся Бяляцкага і ўсіх палітзняволеных перададзена амбасадару Беларусі ў Літве (відэа)
6 жніўня літоўскія і беларускія грамадскія актывісты сабраліся ў Вільні каля беларускай амбасады. Такім чынам яны выказалі салідарнасць з вядомым праваабаронцам Алесем Бяляцкім, які быў арыштаваны роўна год таму і асуджаны да 4,5 гадоў турэмнага зняволення за актыўную дзейнасць у абароне правоў чалавека ў Беларусі.
Удзельнікі акцыі перадалі амбасадару Рэспублікі Беларусь калектыўны зварот. У петыцыі, пад якой падпісаліся больш 200 чалавек было змешчанае патрабаванне безумоўна і неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Акрамя беларусаў і літоўцаў, свае подпісы пад петыцыяй пакінулі прадстаўнікі Брытаніі, Бельгіі, Паўднёвай Карэі, Швецыі, Партугаліі, ЗША, Пакістана, Італіі, Люксембурга – усяго падпісаліся прадстаўнікі 21 краіны.
“Мы патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск і пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краіны і праваабаронцаў, а таксама прывесці заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне абароны правоў чалавека”, - напісана ў петыцыі.
Тэлеканал Euronews распавёў учора пра акцыю ў літоўскай сталіцы ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які ўжо год адбывае зняволенне ў Беларусі.