Беларусь і Расія плануюць абмен дадзенымі аб невыязных за мяжу грамадзянах
Гэта пытанне будзе абмяркоўвацца ў межах пасяджэння Міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы рэкамендацый па правядзенні ўзгодненай міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Мінску 7–8 жніўня.
Паводле звестак упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі, эксперты абмяркуюць, у тым ліку, пытанне падрыхтоўкі пагадненняў, якія прадугледжваюць узаемнае прызнанне рашэнняў пра адмову ва ўездзе на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы грамадзян трэціх краін, а таксама абмен данымі пра асоб, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд.
Гэтай вясной прадстаўнікі беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных СМІ пачалі сутыкацца з праблемай выезду з краіны ў заходнім напрамку.
На мяжы ім заяўлялі, што яны ўнесены ў спіс асоб, выезд якіх за мяжу абмежаваны. Сутыкнуўшыся з такой забаронай, многія выязджалі ў краіны Еўрасаюза праз тэрыторыю Расіі.
6 красавіка кіраўнік пагранічнай службы РФ Уладзімір Пронічаў заявіў журналістам: калі будзе даручэнне затрымаць якую-небудзь асобу, якой выезд з Беларусі абмежаваны, яно будзе выканана.
«Функцыі пагранічных службаў заключаюцца ў тым, што яны выконваюць задачы адпаведных інстанцый, якія прадугледжаны міждзяржаўнымі і міжведамаснымі пагадненнямі. Таму, калі будзе даручэнне пагранічнай службе затрымаць тую ці іншую асобу, то яно будзе выконвацца, на тэрыторыі Беларусі ці на тэрыторыі Расіі. Я тут праблем у нашых узаемаадносінах абсалютна не бачу. Пагранічнікі ў поўным аб’ёме выконваюць усе тыя дамоўленасці, якія існуюць», — заявіў Пронічаў.
Пасля гэтай заявы расійскія праваабаронцы звярнуліся да ўпаўнаважанага па правах чалавека РФ Уладзіміра Лукіна, які паабяцаў ім «не заставацца абыякавым» да праблемы магчымага абмежавання выезду з Расіі беларускім апазіцыянерам.
Аднак, адзначыў ён, «праблема ў тым, што ўпаўнаважаны займаецца першым чынам абаронай правоў расійскіх грамадзян, грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі Расіі, і расійскіх грамадзян за межамі краіны». «Беларускія грамадзяне, якія жывуць у Беларусі, ні да адной з гэтых катэгорый не адносяцца. Таму юрыдычна гэтай праблемай упаўнаважанаму цяжка займацца. Але гэта не значыць, што я застануся абыякавым да гэтай праблемы», — сказаў омбудсмен.
Лукін параіў праваабаронцам «працаваць з Міністэрствам замежных спраў
Расіі, каб МЗС і іншыя ўладныя органы, якія займаюцца гэтай праблемай,
зразумелі, што гэта няправільна і супярэчыць унутранаму заканадаўству».