viasna on patreon

Выйшлі з адпачынку - вызваліце Сурапіна!

2012 2012-08-17T10:03:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 16 ліпеня накіравала ліст да прафесарска-выкладчыцкага калектыву Інстытута журналістыкі БДУ з просьбай падтрымаць свайго студэнта і паспрыяць ягонаму вызваленню. Падаем тэкст звароту:

Паважаныя педагогі!

Студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін з 13 ліпеня знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ за правільнае разуменне асноў і прынцыпаў абранай ім журналісцкай прафесіі. Антон першым размясціў на сваім сайце «Belarusian News Photos» малюнкі шведскіх цацачных мядзведзікаў, якія зваліліся на Беларусь з неба 4 ліпеня бягучага года.

Прафесія, якой вы вучыце студэнтаў, загадвае не замоўчваць факты і лічыць аператыўнасць адной з галоўных пераваг рэпарцёрскага рамяства. Асноўны закон Рэспублікі Беларусь (арт. 34) гарантуе кожнаму грамадзяніну права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі.

Крымінальны пераслед Антона Сурапіна, на наш погляд, непасрэдна звязаны з яго журналісцкай дзейнасцю і груба парушае гарантаваныя Канстытуцыяй правы.

Паважаныя педагогі! Шмат хто з вас сумленна вучыў шмат каго з нас прафесіі, перажыўшы не адну змену рэжымаў і ідэалогій.  Мы заклікаем вас устаць на абарону Антона Сурапіна.

Студэнты і выкладчыкі Інстытута журналістыкі БДУ на працягу шэрагу гадоў удзельнічалі ў прафесійных адукацыйных праграмах, арганізаваных шведскім бокам. Дзёрзкая акцыя супрацоўнікаў шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total не павінна разбурыць гэтыя ўзаемавыгадныя кантакты, лёсы вашых вучняў, ваш аўтарытэт сярод студэнтаў.

Мы заклікаем вас устрымацца ад адміністрацыйных мер у дачыненні студэнта Антона Сурапіна, які з-за доўгага разбіральніцтва можа не пачаць у тэрмін вучобу ў будучым семестры.

Па даручэнні Праўлення 

старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Ж.М. Літвіна

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства