viasna on patreon

У офісе «Гавары праўду!» супрацоўнікі міліцыі правялі вопіс маёмасці

2012 2012-09-07T08:56:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У офісе кампаніі «Гавары праўду!» супрацоўнікі міліцыі вечарам 6 верасня правялі вопіс маёмасці.

Як паведаміў каардынатар выбарчага штаба кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, прыкладна ў 18.30 у офіс прыйшоў участковы, які сказаў, што ў міліцыю паступіла скарга ад суседзяў (офіс размешчаны ў жылым доме). У гэты час актывісты кампаніі абмяркоўвалі ход выбарчага працэсу і мелі намер паглядзець тэлевыступленне кандыдата ў дэпутаты ад «Гавары праўду!» Таццяны Караткевіч.

Участковы міліцыянер выклікаў падмацаванне з ліку супрацоўнікаў гарадскога аддзела міліцыі, які знаходзіцца непадалёк. Як адзначыў Дзмітрыеў, чацвёра міліцыянераў паводзілі сябе «дастаткова карэктна», разам з актывістамі кампаніі паглядзелі выступленне Караткевіч, перапісалі пашпартныя звесткі прысутных у офісе і пры гэтым нікога не затрымлівалі.

Па стане на 20.00 супрацоўнікі міліцыі, паводле слоў Дзмітрыева, апісвалі ў офісе аргтэхніку і агітацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя для кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах.

Пры гэтым пакуль невядома, ці будзе штосьці з апісанай маёмасці канфіскавана, але, як сказаў Дзмітрыеў, «арганізацыя рыхтуецца да горшага». Ён выказаў меркаванне, што аргтэхніка будзе канфіскавана.

Дзмітрыеў звязвае гэты інцыдэнт з удзелам «Гавары праўду!» у парламенцкіх выбарах. «Мы вельмі актыўна праводзім гэтую кампанію не толькі ў тых акругах, дзе ёсць нашы кандыдаты ў дэпутаты, але і там, дзе іх няма. Мы размаўляем з людзьмі, тлумачым ім сітуацыю, і, натуральна, гэта не можа не непакоіць улады, і выклікае ў іх такую нервовую рэакцыю», — мяркуе каардынатар выбарчага штаба.

Варта адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі не перашкаджалі журналістам ў здымках нават падчас вопісу маёмасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства