Распаўсюдніка недзяржаўнай газеты «Новы час» Аляксандра Процку аштрафавалі
6 верасня адбылося паседжанне адміністрацыйнай камісіі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, на якім разглядаўся пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні Аляксандра Процкі. Сябра Руху «За свабоду» заключыў афіцыйную дамову з рэдакцыяй газеты «Новы час» на распаўсюд выдання. Газету ён прадаваў каля чыгуначнага вакзалу Гомеля. «Я прадаваў там газету месяц. За гэты час да мяне чатыры разы падыходзілі міліцыянеры, правяралі дакументы – усё было законна. 20 жніўня мяне затрымалі, прывезлі ў апорны пункт, дзе склалі пратакол за парушэнне правіл гандлю», - патлумачыў актывіст.
Адміністрацыйная камісія прызначыла Аляксандру Процку пакаранне – 100 тысяч рублёў (адна базавая велічыня) па артыкулу 12.17 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях.
«Я ж не грыбы прадаваў, не мэблю – каб, напрыклад, перашкаджаць людзям, а газеты. Дзе іх можна прадаваць – камісія мне не патлумачыла, як і тое, у чым парушэнне. Лічу, што ціск пачаўся з наступленнем выбараў, бо раней жа месяц ніхто не чапляўся, хоць і правяралі дакументы, але не бачылі парушэння», - пракаментаваў распаўсюднік.
Ён не згодны з рашэннем адміністрацыйнай камісіі і будзе яго абскарджваць праз суд, куды ўжо і падаў адпаведную скаргу.