viasna on patreon

Справа Бяляцкага. XXXVІ. «Вясна»

2012 2012-09-13T09:08:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Працу ў музэі Багдановіча Алесь Бяляцкі сумяшчаў зь дзейнасьцю ў Беларускім Народным Фронце. У канцы 90-х ён быў адказным сакратаром управы партыі і намесьнікам старшыні.

Калі пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пачаліся першыя рэпрэсіі, пад якія трапіла шмат Алесевых аднапартыйцаў, ён узяўся за дапамогу арыштаваным і іхнім сем’ям. Фактычна Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўзьнік у 1996 годзе пасьля брутальнага разгону ўладамі 40-тысячнага Чарнобыльскага шляху, калі сотні чалавек былі зьбітыя і арыштаваныя. Алесь тады арганізаваў групу валянтэраў, якая зьбірала інфармацыю пра рэпрэсаваных і дапамагала іхнім сем’ям. У гэтую групу ўвайшлі супрацоўнікі музэю: Паліна Сьцепаненка, Тацяна Равяка, Алена Лапцёнак.

Першапачаткова яны сумяшчалі працу ў музэі з праваабарончай дзейнасьцю.

«У нас напачатку не было адчуваньня, што фармуецца нейкая арганізацыя. Мы думалі, што гэтыя рэпрэсіі неўзабаве скончацца, што мы ўсё пераадолеем, што цяпер трэба памагчы людзям, а потым усё будзе добра і мы зноў будзем займацца літаратурай», — згадвае Тацяна Равяка.

Але ўсё пайшло іначай. У 1998 годзе Тацяне давялося рабіць выбар — пасьля таго як Алесь пакінуў музэй і запрасіў яе ў новую структуру. Тацяна распавяла:

«Бяляцкі прапанаваў мне перайсьці ў „Вясну“, як у белы сьвет. Я не разумела, чым я там магу займацца. А ён сказаў: „Умееш пісаць — будзеш пісаць“. Як філёляг гэтым і займалася. Пісала навіны на сайт, рэдагавала справаздачы, нашы выданьні, аналітычную і асьветніцкую праваабарончую літаратуру… Не скажу, што пры пераходзе ў мяне былі вялікія сумненьні. Я хацела перамен, і тады выбрала ня від дзейнасьці, а людзей, якім давярала і ведала, што зь імі будзе добра працаваць. Само ўяўленьне, што такое праваабарона, прыйшло да мяне пазьней».

Разам з Алесем у жніўні 1998 году ў «Вясну» перайшла Паліна Сьцепаненка, у лістападзе — Тацяна Равяка, у 2005-м годзе да іх далучылася іншая былая супрацоўніца музэю Багдановіча — Алена Лапцёнак.

У 1998 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна-96» быў зарэгістраваны ў Менску як гарадзкая грамадзкая арганізацыя. Праз 2 гады, са зьяўленьнем філіяў, ён стаў арганізацыяй агульнанацыянальнага маштабу.

У арганізацыю прыйшлі сябры БНФ, Маладога Фронту, прафсаюзныя дзеячы, актывісты чарнобыльскіх арганізацый, юрысты, былыя міліцыянты…

У 1998 годзе на запрашэньне Бяляцкага ў «Вясну» прыйшоў выпускнік юрыдычнага факультэту Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных адносін Валянцін Стэфановіч, з 2001 году ў «Вясьне» працуе выпускнік юрфаку Інстытуту сучасных ведаў Уладзімер Лабковіч.

Былая валянтэрка «Вясны» Паліна Сьцепаненка згадвае першыя гады сваёй працы:

​​«Мы вельмі сьціпла жылі, у нас былі невялікія заробкі, а часам іх не было зусім».

Адна такая «галодная зіма» выпала ў 2001 годзе. Тады тры месяцы ў арганізацыі не было сродкаў на заробкі супрацоўнікам, бо «Вясна» атрымлівае грошы ад спонсараў у выглядзе грантаў пад пэўныя праваабарончыя праекты, а гранты былі не заўсёды. Тады ў арганізацыі ўжо быў свой офіс непадалёк ад Камароўскага рынку.

«Калі ў нас не было ніякіх грошай, Алесь неяк паехаў на рынак, купіў два мяхі бульбы, купіў капусту, прывёз у офіс, нашаткаваў і заквасіў капусту ў слоікі, і кожны дзень мы варылі сабе абеды, бо на сталоўку не было грошай. Ён і сам гэта рабіў, бо адчуваў адказнасьць за людзей, хацеў захаваць калектыў, каб людзі не разьбегліся. І ніхто ня звольніўся».

Да 2003 году ў арганізацыі зьявіліся 4 зарэгістраваныя абласныя і 2 гарадзкія аддзяленьні. Агулам па ўсёй краіне ўзьнікла 17 філіяў, якія аб’ядноўвалі больш за 150 валянтэраў.

У 2003-м Вярхоўны суд Беларусі скасаваў рэгістрацыю «Вясны». Прычынай стала незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй 2001 году, якое арганізавала «Вясна» разам зь іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі. Арганізацыя тады вылучыла 2000 назіральнікаў. Улады ж заявілі, што арганізацыя пры гэтым парушыла выбарчае заканадаўства.

​​
У 2007 годзе Камітэт у правах чалавека ААН разгледзеў скаргу Алеся Бяляцкага на незаконнае закрыцьцё «Вясны» і пастанавіў, што «ліквідацыя аб’яднаньня — мера, несувымерная парушэньням» і «ўмяшаньне ў свабоду аб’яднаньняў». Камітэт ААН рэкамэндаваў беларускім уладам на працягу 90 дзён аднавіць правы Бяляцкага і ягоных калег і зарэгістраваць іхнае аб’яднаньне. Але ўлады гэтай рэкамэндацыі ня выканалі.

Вясноўцы ня толькі абскарджвалі закрыцьцё сваёй арганізацыі, яны тройчы спрабавалі зарэгістраваць новае праваабарончае аб’яднаньне, але кожны раз Мін’юст адмаўляў: у 2007 годзе і двойчы — у 2009-м. Пасьля гэтага вясноўцы заявілі, што спыняюць гэтыя спробы і будуць працаваць без рэгістрацыі.

​​
«Мы дзейнічалі, дзейнічаем і будзем дзейнічаць, незалежна ад наяўнасьці рэгістрацыі. Трэцяя спроба рэгістрацыі будзе апошняй пры тым парадку рэчаў, які склаўся на сёньняшні дзень ва ўзаемаадносінах уладаў з грамадзянскай супольнасьцю. Прычым мы акцэнтуем увагу на тым, што зрабілі ўсё, што маглі зрабіць у дадзенай сытуацыі», — заявіў Алесь Бяляцкі пасьля трэцяй адмовы.

Гэта было агульнае рашэньне актыву «Вясны». Людзі засталіся працаваць у нелегальных умовах.

Ніхто не сышоў зь «Вясны» і ў крытычныя дні жніўня 2011 году, калі арыштавалі Алеся. Пад прэсінгам уладаў вясноўцы кансалідаваліся і шукалі любыя магчымасьці для абароны свайго лідэра.

«Усе мае „дасягненьні“ як праваабаронцы — неад’емныя ад дзейнасьці „Вясны“, і вось ужо „Вясьне“ было па сілах зрабіць многае з таго, што ніводзін праваабаронца-адзіночка не пацягнуў бы», — гэтак напісаў мне Бяляцкі з Бабруйскай турмы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства